Дачны сезон у разгары, і mogilev.media вырашылі падсумаваць, якіх правілаў павінны прытрымлівацца дачнікі і гаспадары прысядзібных участкаў, каб не нарвацца на непрымнасці.
Шмат хто з гаспадароў дачных участкаў нават не падазрае, што заканадаўствам рэгламентаваны правілы ўтрымання падобных тэрыторый. Адказнасць за іх выкананне прапісаны ў кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэтыя правілы варта ведаць, каб не здабыць сабе штраф на роўным месцы.
За спальванне смецця
Увесну, калі на дачных участках людзі наводзяць парадкі, то разнастайнае смецце часта спальваюць. Аднак не ўсё можна паліць. Мінулагодняе лісце, сухое галлё, паперу – калі ласка. Траву трэба спачатку скасіць, сабраць у кучы і толькі потым спаліць. А вось бытавыя адыходы, пластык, зношаныя шыны паліць забаронена, бо пры згаранні яны вылучаюць у атмасферу шкодныя рэчывы.
Больш за тое, зона вогнішча павінна размяшчацца не бліжэй за 10 метраў ад дома, любых іншых пабудоў і плота. А калі ваш участак прымыкае да лясной паласы, адлічвайце да яе 20-30 метраў. Не дазваляецца таксама разводзіць вогнішча на тарфяніках і пад дрэвамі. На ўсякі выпадак варта запасціся сродкамі пажаратушэння. Парушальніку акрэсленых патрабаванняў пагражае штраф у памеры ад 12 да 30 базавых велічынь.
За непакошаную траву
Варта не забываць рэгулярна скошваць траву на ўчастку, прыбіраць смецце ў садзе, агародзе, у двары, вакол альтанак і гаспадарчых пабудоў, а таксама ўтрымліваць у чысціні прылеглую з боку вуліцы тэрыторыю, бо інакш за беспарадак давядзецца заплаціць ад 25 да 30 базавых велічынь.
За грыбы, мак, каноплі
На ўчастках забаронена саджаць і проста мець расліны і грыбы, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы. Нават калі яны выраслі ў вас выпадкова і мэты збыту не было, давядзецца раскашэліцца на 20 базавых велічынь. Калі будзе даказаны намер збыту, прадугледжана крымінальная адказнасць.
За баршчэўнік
Сачыце, каб на ўчастку не закаласіліся небяспечныя расліны-агрэсары. Сярод іх баршчэўнікі Сасноўскага і Мантэгацы (выклікаюць апёкі), залатарнік канадскі і гіганцкі (карані вылучаюць рэчывы, якія правакуюць алергію ў людзей), клён ясенелісты і эхінацістыс лопасцевы, рабінія ілжэакацыя (усе яны не даюць расці іншым раслінам). Калі своечасова не прыбярэце няпрошаных гасцей з зямлі – заплаціце 20 базавых велічынь.
За могілкі хатніх жывёлаў
Можа падацца дзіўным, але на прысядзібным участку нельга хаваць хатніх жывёлаў. Гэта лічыцца парушэннем санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства і псотай зямлі. Калі санітарныя органы даведаюцца пра такі факт, то аштрафуюць на 30 базавых велічыняў.
За самавольства
Штрафныя санкцыі накладваюцца і ў выпадку нямэтавага выкарыстання ўчастка (30 базавых велічыняў) або ўзвядзення там самавольных пабудоў (20-50 базавых велічынь, да таго ж давядзецца ўсё знесці сваімі сіламі).
Фота ілюстрацыйнае.