На «мінскім», як упарта працягваюць называць гэты рынак магілёўцы, можна вывучаць геаграфію, якая, аднак, уступае ў канфлікт з тым, што ляжыць у кашальку.
Наведнікаў рынку дзівіць, што сярод вялікага выбару садавіны ды гародніны, ёсць прадукцыя з Украіны, дзе шугае вайна.
Але, за яе просяць значна больш, чым за тавар, прывезены з далейшых краёў. З Украіны вязуць чарэшні, херсонскія памідоры.
З пабачанага на мясцовых прылаўках самымі таннымі былі «гурочкі» са Шклова. Некалі ў гэтым райцэнтры кожная сядзіба мела парнікі, дзе гадаваліся гуркі.
Нават тутэйшая гасцініца названая «Раднічком», у гонар аднаго з гурочных гатункаў. На пляцоўцы ля Дому культуры стаіць скульптура гурка. Цяпер тыя часы ў мінулым і гуркі расцяць з большага для сябе, а не на продаж.
Нямала садавіны з цяплейшых куткоў Беларусі, пераважна, з Берасцейшчыны.
Багата зяленіва з далёкіх краёў – Туркменіі, Арменіі, Турцыі, Узбекістану.
Выбар ёсць, але пытанне ў тым, што мае пакупнік у гаманцы.