Да муніцыпалітэту Краслаўскага павету звярнуўся Цэнтр грамадскай памяці. Ён вызначыў больш за 90 вуліц у латвійскіх гарадах, названых у гонар савецкіх дзеячаў і якія, лічыць ён, павінны быць змененыя. Перайменаванне яшчэ 50 вуліц мае быць вынесена на грамадскае абмеркаванне.
Неабходнасць перайменавання вуліц у латвійскіх гарадах актуалізавала поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны. Іх назвы атаясамляюцца з савецкай спадчынай, якую ўспрымаюць у краіне за акупацыйную.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Прыняцце рашэння аб пераназванні вуліц – прэрагатыва органаў мясцовай улады, піша агенцтва TVNET/LETA
У Цэнтры грамадскай памяці лічаць, што вуліцы імя Церашковай у латвійскім горадзе не павінна быць. У ім адзначаюць, што Валянціна Церашкова – уплывовы дзеяч расійскай вертыкалі ўлады:
– Давераная асоба прэзідэнта Пуціна і генерал-маёр Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі;
– Дэпутат Дзяржаўнай думы;
– Намесніца старшыні Камісіі па замежных справах;
– Член калегіі Міністэрства замежных справаў;
– Член Вышэйшага савету кіроўнай партыі «Адзіная Расія».
На зварот Цэнтру грамадскай памяці самакіраванне Краслаўскага павета і мэр Краславы Гунарс Упеніекс не адказалі.
Краслава – пабрацім гораду Горкі. Дамова аб пабрацімстве была падпісаная ў 2013 годзе на II Латвійска-беларускім форуме гарадоў пабрацімых у Даўгаўпілсе.
Краслава – адміністрацыйны цэнтр Краслаўскага краю. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны, на рацэ Дзвіна – за 4 км ад чыгуначнай станцыі Краслава на лініі Даўгаўпілс – Полацк. Насельніцтва 10 тысяч чалавек. Традыцыйная беларуская назва – Краслаўка, Краслаў.