Дзень у гісторыі. 20 кастрычніка. ялікім князем літоўскім становіцца Жыгімонт І Стары. Дзень нараджэння гісторыка Адама Нарушэвіча. Адкрыты Літаратурны музей Янкі Купалы, Гродзенскі абласны драмтэатр

Міжнародны дзень кухара (з 2004 года). Устаноўлены па ініцыятыве Сусветнай асацыяцыі кулінарных супольнасцяў, у якой 8 мільёнаў чальцоў. 

Прафесія кухара – адна з найбольш запатрабаваных у свеце і адна з самых старажытных.

У старажытнагрэцкага бога лекавання Асклепія была кухарка Куліна. Яе абвесцілі дзесятай музай. Ад Куліны пайшла назва “кулінарыя”.

Першыя прафесійныя кухары з’явіліся ў III стагоддзі да нашай эры ў Грэцыі. 

Першапачаткова яны рабілі ежу для асабліва шанаваных людзей – воінаў цара. Пазней кухары з’явіліся і ў дамах кіраўнікоў, шляхты.

tunnel.ru

1506 год. На княжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім абраны Жыгімонт І Стары (1467-1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 

У 1506 годзе стаў каралём польскім.

Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія, ВКЛ страчаны Смаленск.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

1733 год. Нарадзіўся Адам Нарушэвіч

Беларускі паэт і гісторык.  Вялікі пісар літоўскі (1781—1788). Біскуп смаленскі, луцкі.

Выкладаў лацінскую мову ў Віленскай акадэміі.

Адзін з першых і лепшых у Еўропе перакладчыкаў Карнелія Тацыта, а яго пераклады Гарацыя – самыя поўныя і дасканалыя.

Аўтар 7-томнай «Гісторыі Польшчы», гісторыі Крыма – «Таўрыя».

Заснавальнік у польскай гістарыяграфічнай школы – «школы Нарушэвіча».

Аўтар шматлікіх одаў, ідылій, сатырычных твораў.

wikimedia.org

1836 год. Нарадзіўся Сігізмунд Свянціцкі

Беларускі лекар, адзін з заснавальнікаў унутрыполасцевай хірургіі на Беларусі. Доктар медыцыны

Працаваў старшым лекарам мінскага вайсковага шпіталя. Па яго ініцыятыве ў 1879 годзе адкрыта першая мінская бясплатная «паліклініка», якую ён і ачоліў.

Блізкі сябар Элізы Ажэшкі, магчымы прататып галоўнага героя яе рамана «Апошняе каханне».

Аўтар навуковых прац па пытаннях хірургіі. Упершыню правёў аперацыю на плечавым суставе з прыдуманым ім «ушчамлявальным прыборам».

У Мінску ў 1884 годзе паводле яго ініцыятывы арганізавана санітарная камісія змагання з халерай.

1859 год. Нарадзіўся Антон Брадоўскі. 

Калекцыянер, музейны работнік, заснавальнік Віцебскага губернскага музея.

Частку сваёй калекцыі — каля 4,5 тысяч манет і медалёў, 6000 мастацкіх вырабаў падараваў Віцебску ў 1918 годзе. 

На аснове збору заснаваў Віцебскі губернскі музей.

1885 год. Нарадзіўся Аляксандр Бурбіс

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.

Аўтар манаграфіі «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі»

У студзені 1906 года ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў Беларускую Рэспубліку («Мейшагольская рэспубліка»).

Консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве.

Памёр ад сухотаў 20 сакавіка 1922 года.  Пахаваны на мінскіх Старажоўскіх могілках, якія ў 1950-х гадах былі выраўненыя бульдозерам.

wikimedia.org

 1892 год.Нарадзіўся  Янка Тарасевіч. 

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч ЗША. Доктар тэалогіі.

Выкладаў у семінарыі ў штаце Нью-Ёрк, працаваў у манастыры каля Чыкага. 

Адзін з ініцыятараў стварэння культурна-грамадскай арганізацыі “Беларуска-амерыканская нацыянальная рада”, заснавальнік беларускай уніяцкай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага. 

Неаднаразова ў 1920-1930 і 1960-х гадах наведаў Беларусь.

Аўтар шэрагу філасофска-тэалагічных трактатаў. 

traditio.wiki, На фота – Янка Тарасевіч у цэнтры  

1906 год. Нарадзіўся Канстанцін Быліч. 

Беларускі акцёр, Заслужаны артыст БССР.

Працаваў у трупе Уладзіслава Галубка, у вандроўным, купалаўскім тэатрах. Меў усе магчымасці стаць адным з карыфеяў беларускай сцэны.

Загінуў 24 кастрычніка 1944 года падчас чыгуначнай катастрофы пры рээвакуацыі тэатра з Томска ў Мінск.

Стварыў некалькі дзясяткаў рознапланавых вобразаў, у тым ліку Каліноўскага ў «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча.

Выступаў і як канферансье, дэкламатар, танцор. 

wikimedia.org

 1945 год. У Мінску адкрыўся для наведвальнікаў Літаратурны музей Янкі Купалы. 

Заснаваны ў 1944 годзе. Знаходзіцца ў Мінску на месцы былога дома паэта. 

Мае філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі і Яхімоўшчына. 

Збіральнікам музейных рэліквій і першым дырэктарам была жонка Янкі Купалы – Уладзіслава Луцэвіч.

Музей мае больш за 38000 адзінак захоўвання і 12000 навукова-дапаможных матэрыялаў. Усе музейныя прадметы размеркаваны па 22 калекцыях.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, калектыў музея выйшаў 14 жніўня на акцыю пратэсту супраць гвалту.

4 студзеня 2022 года па ініцыятыве наймальніка звольнена дырэктарка музея Алена Ляшковіч.

1947 год. Адкрыўся Гродзенскі абласны драматычны тэатр спектаклем А. Астроўскага «Праўда добра, а шчасце лепш». 

Заснаваны на аснове трупы Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра, які ў той час быў пераведзены ў Гродна.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь (2011).  Тэатр часта гастралюе, паказвае спектаклі ў Балгарыі, Германіі, Расіі, Польшчы.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, сем дзясяткаў супрацоўнікаў тэатра на чале з галоўным рэжысёрам Генадзем Мушпертам  падпісалі зварот да ўладаў, у якім заклікалі спыніць гвалт. 

Раніцай 15 жніўня над будынкам тэатра быў спушчаны дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг і ўзняты нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг.

20 верасня 2020 года акцёры спынілі спектакль «Вельмі простую гісторыю» пасля першага акту, калі ў антракце даведаліся пра тое, што былі затрыманыя іх калегі. 

З гэтага моманту пачаліся масавыя звальненні артыстаў.

wikimedia.org

1947 год. Нарадзіўся Юрка Голуб. Беларускі празаік, паэт, журналіст.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.

Памёр 12 кастрычніка 2020 года ў Гродне.

Аўтар вершаў, кнігі для дзяцей, 9 зборнікаў паэзіі. «Зажураны камень» – першы і пакуль адзіны ў беларускім пісьменстве паэтычны зборнік, які цалкам складзены з вершаў класічнага жанру – трыялетаў.

Яго вершы перакладзены на літоўскую, рускую, украінскую, польскую мовы.

wikimedia.org

 1953 год. Памёр Яўген Хлябцэвіч. 

Беларускі грамадскі дзеяч, бібліятэказнавец, бібліёграф, літаратуразнавец.

Друкаваўся ў газетах «Наша доля» і «Наша ніва»,  пецярбургскай «Новая Русь».

Адзiн з арганiзатараў Беларускага навукова-лiтаратурнага гуртка і беларускага краязнаўчага таварыства пры Пецярбургскiм унiверсiтэце (1912).

Даследаваў пытанні кіравання чытаннем, праблему «пісьменнік і чытач», перапісваўся з беларускімі і рускімі пісьменнікамі. 

Аўтар прац «Бібліятэкі і кааперацыя», «Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры», пра Ф. Багушэвіча, Я. Баршчэўскага, А. Бурбіса, Я. Купалу, Цётку.

wikimedia.org

 1956 год. Усталявалася самае ранняе снежнае покрыва на тэрыторыі Магілёўскай вобласці за ўсё ХХ стагоддзе. Звычайна да гэтай даты скончваецца вегетатыўны перыяд.