Вырас бюджэт пражытковага мінімуму. А разам з ім узраслі дапамогі на дзяцей, узроставыя даплаты да пенсій, дапамогі па доглядзе інвалідаў І групы ці асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі інвалідам.
БПМ павялічыўся на 3,5%
У Беларусі з 1 жніўня бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 364 рублёў 40 капеек, што на 3,5 % вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў раней. БПМ у такім памеры будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка 2023 года
БПМ для асобных катэгорый насельніцтва вызначаны ў наступных памерах:
- для працаздольнага насельніцтва – 403,94 рубля
- для пенсіянераў – 271,09 рубля
- для дзяцей да трох гадоў – 232,41 рубля
- для дзяцей ад трох да шасці гадоў – 319,50 рубля
- для дзяцей ад шасці да 18 гадоў – 388,35 рубля
Да гэтага сацыяльнага нарматыву прывязаныя дапамогі. У выніку яны таксама павялічыліся.
Дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складаюць: на першае дзіця — 651,35 рубля; на другога і наступных дзяцей —744,40 рубля; на дзіця-інваліда — 837,45 рубля. Памеры дапамогі выраслі на 7,5%.
З 1 жніўня аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае: пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 БПМ, або 3644 рубля; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 5 101,60 рубля; дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (аднаразовая), — 100% БПМ, або 364,40 рубля.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічылася да 182,20 рубля (50 % БПМ). Выраслі і дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў: на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), — 50 % БПМ, або 182,20 рубля; на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, — 70 % БПМ, або 255,08 рубля.
Змяніўся памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў: з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў — 100 % БПМ, або 364,40 рубля; з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 120 % БПМ, або 437,28 рубля. Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складае 70 % БПМ, або 255,08 рубля.
Павысіліся ўзроставыя даплаты да пенсій і памеры сацыяльных пенсій
Памер выплат для асоб ва ўзросце 75-79 гадоў цяпер складае 68,33 рубля, 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 136,65 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці І групы —182,20 рубля.
Таксама павялічыліся памеры сацыяльных пенсій інвалідам і дзецям-інвалідам: інвалідам 1 групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства — 400,84 рубля; інвалідам з дзяцінства 2 групы — 346,18 рубля, інвалідам 2 групы — 309,74 рубля, інвалідам 3 групы — 273,30 рубля. Дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя — 291,52 рубля, другой — 309,74 рубля, трэцяй — 346,18 рубля, чацвёртай — 400,84 рубля.
Фота ілюстрацыйнае