На публікацыю пра адсутнасць датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва новага корпусу інфекцыйнай больніцы адрэагавалі чытачы Магілёў.media, даслаўшы фотаздымак з пацверджаннем, што на пашпарце аб’екту іншай лякарні таксама адсутнічаюць такія звесткі. Гаворка пра ўзвядзенне новага корпусу больніцы хуткай дапамогі.
З пашпарту аб’екту невядома, калі пачалося будаўніцтва і калі яно завершыцца. Радкі на інфармацыйным стэндзе не запоўненыя.
11 жніўня Магілёў.media апублікаваў матэрыял пра сітуацыю з узвядзеннем новага корпусу інфекцыйнай больніцы. У ім адзначалася, што згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя звесткі аб будаўніцтве аб’екту ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне. У матэрыяле падкрэслівалася, што адсутнасць такой інфармацыі можа выкарыстоўваецца чыноўнікамі, каб апраўдацца перад грамадствам за спыненне працаў на аб’екце, альбо іх зацягванне.
Што да новага корпусу больніцы хуткай дапамогі, то паводле інфармацыі з сайту Магілёўскага аблвыканкаму, гэты будзе шматфункцыянальны сяміпавярховы корпус замест старых пабудоў. Яшчэ ў лістападзе 2019 году аказаць «садзейнічанне ў рэалізацыі перспектыўнага праекту выказалі гатоўнасць міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц». Цяпер Каранік і Заяц займаюць іншыя службовыя пасады.
У верасні 2021 году ўжо новы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у шэрагу з іншымі медычнымі ўстановамі, якія ўзводзяцца ў Магілёве, згадаў і больніцу хуткай дапамогі.
«Яшчэ праз пару гадоў завершыцца будаўніцтва новых карпусоў гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі. Гэта дазволіць Магілёву да канца 2023 года стаць горадам з аптымальна адладжанай сістэмай аховы здароўя ад паліклінік да буйных медычных цэнтраў», – падавала словы чыноўніка БелТА.
Вызначыць пачатак будаўніцтва новага корпусу больніцы хуткай дапамогі няпроста. Бурыць старыя камяніцы лякарні пачалі яшчэ ўзімку. Іх знішчэнне выклікала неадназначную рэакцыю краязнаўцаў і шараговых магілёўцаў.
У чэрвені агарадзілі пляцоўку пад будаўніцтва корпусу і ўзяліся капаць катлаван. Тады Магілёў.media напісаў, што на гэтым канчаткова знішчана гістарычная забудова мясцовай больніцы хуткай дапамогі.