На нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваная пастанова ўраду, у якой пазначаныя кампаніі, якім забаронена прадаваць акцыі без дазволу ўлады.
“Дзеля прадухилення выводу капиталу”
У ёй гаворыцца, што іх інвестарамі, ці ўладальнікамі з’яўляюцца юрыдычныя асобы з замежных дзяржаваў, дзеянні якіх недружалюбныя ў адносінах да Беларусі.
«Для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь акцыі блакуюцца на рахунках »дэпо» іх уладальнікаў згодна са спісам на падставе прадпісання Міністэрства фінансаў аб накладанні абмежаванняў у выкарыстанні каштоўнымі паперамі », – адзначана ў пастанове ўраду.
Яна прынятая ў рамках сакавіцкага ўказа «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі» з «мэтай прадухілення вываду капіталу з краіны».
У спісе 190 прадпрыемстваў. Чатыры – з Магілёўскай вобласці
– Акцыянерам Магілёўскага металургічнага камбінату зʼяўляцца кампанія «Caraglen Investments Limited» з Гібралтару.
– У Бабруйскі мясакамбінат уклаў сродкі грамадзянін Латвіі Леанід Абраменка.
– Інвестарам горацкага камбінату «Малочныя горкі» зʼяўляецца латвійская кампанія «Экспанента».
– «Крычаўскі завод жалезабетонных вырабаў», мае інвестара з Чэхіі. У прадпрыемства ўклала сродкі кампанія KASI.
Наступствы санкцыяў
Супраць Беларусі за падтрымку расійскай агрэсіі ва Ўкраіне і пераслед удзельнікаў пратэстаў 2020 году краінамі Еўрапейскага Саюзу, ЗША і іншымі ўведзеныя санкцыі. Паводле першага віцэ-прэмʼера краіны Мікалая Снапкова, яны «закранулі каля 20% беларускай эканомікі і прывялі да зніжэння ВУП Беларусі ў студзені – красавіку на 2,1%»: з-за іх толькі сёлета эканоміка Беларусі рызыкуе недаатрымаць $14 млрд экспартнай выручкі.