Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Ігар Арцюх
Асуджаны да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».
37-гадовага мужчыну абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Справу на закрытым працэсе разглядала суддзя Жана Брысіна.
Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.
Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.
За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Аляксей Біжко
Асуджаны на 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняй хіміі».
Праваабаронцы паведамляюць, што Біжко абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у пратэстах 2020 году.
Святлана Кіндзель
Асуджаная да 3 гадоў «хатняй хіміі».
Праваабаронцы пішуць, што жанчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яе ўдзел у пратэстах 2020 году.
Алена і Андрэй Бармуты, Вольга Рахуба
Асуджаныя да 3 гадоў «хатняй хіміі».
Паводле праваабаронцаў, трое асуджаных – гэта сямейнай пара і сястра мужа. Іх суд Ленінскага раёну Мінска абвінаваціў у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Доказамі іх удзелу ў пратэстах 2020 году сталі фотаздымкі, якія яны дасылалі адзін аднаму.
Павел Сінькоў
Асуджаны да 2,5 гадоў «хатняй хіміі».
Праваабаронцы пішуць, што мужчыну Ленінскі суд Мінску абвінаваціў у «актыўных дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак».
Нагодай для пераследу стаў удзел у пратэстах 2020 году. Доказам віны быў фотаздымак у тэлефоне абвінавачанага.
Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.
Аляксей Бондар
Асуджаны да 3 гадоў «хатняй хіміі».
Паводле праваабаронцаў, ён абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
У зняволенні Бондара ўтрымлівалі больш за тры месяцы. Справу разглядала Вольга Неборская з суду Кастрычніцкага раёну Мінска.