Пад час разбору сітуацыі з продажам бабруйскіх шын у Расію ніжэй за іх сабекошт нават Лукашэнка быў абураны тым, што “бчб-шнікаў” садзяць у турму, а сваіх чыноўнікі прыкрываюць.
Згодна з паведамленнем БелТА генеральны дырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў знаходзіцца ў следчым ізалятары. Пра гэта стала вядома ўчора на пасяджэнні Савета міністраў, якое правёў Аляксандр Лукашэнка.
На пасяджэнні было адзначана, што паколькі заходнія канкурэнты пакінулі расійскі рынак, то цэны на шыны пачалі расці. А генеральны дырэктар Белшыны нібыта падпісаў кантракт з расійскімі партнёрамі на продаж вялікіх шын на 16-20% ніжэй за іх сабекошт. У выніку прадпрыемства нясе страты. Пры гэтым дамова паміж “Белшынай” і расійскімі камерцыйнымі структурамі прадугледжвае штрафныя санкцыі ў выніку невыканання Бабруйскім прадпрыемствам умоваў кантракту – 500 тысяч долараў у год. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “расійскія кампаніі – гэта ашуканцы, якія набылі шыны ніжэй за кошт, а прадавалі вышэй за кошт амаль на 60%”.
Але не менш Лукашэнку здзівіла пазіцыя беларускага чынавенства. Пасля затрымання генеральнага дырэктара некалькі кіраўнікоў высокага дзяржаўнага ўзроўню патэлефанавалі яму са словамі “які ён быў добры”. Кіраўнік уладнай вертыкалі нават заўважыў: “Ну, так, аказваецца: гэта наш – гэты адказваць не павінен, а гэты бчб-шнік – у турму яго…”
Праблему падвойных стандартаў пры разглядзе справаў апазіцыйна настроеных грамадзян і верных рэжыму чыноўнікаў даўно падымалі незалежныя СМІ. Цяпер яна стала настолькі відавочнай, што падымаецца нават самімі беларускімі чыноўнікамі.