Выстава фотамастачкі Марыны Бацюковай адкрылася ў Магілёве – відэа

Аўтарская канцэпцыя дазваляе гледачу ўбачыць тое, што звычайна не трапляе ў поле зроку.

Вядомая мінская фотамастачка не першы раз выстаўляецца ў абласным цэнтры. Зараз яе выстава праходзіць у музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі на вуліцы Ленінскай. Яна працягнецца да 6 лістапада.

 

Выстава “Падарожжа да сябе” прымеркавана да 30-годдзя творчай дзейнасці Марыны Бацюковай – вядомай беларускай фотамастачкі. Яе творчасці ўласцівыя канцэптуалізм, выразная амбівалентнасць у адносінах аб’екта і наваколля. “Аўтарская канцэпцыя дазваляе гледачу ўбачыць тое, што звычайна не трапляе ў поле зроку.” – так ахарактарызавала праект мастацтвазнаўца Ханна Мур.

Загалоўным фотаздымкам магілёўскай выставы Бацюковай стаў фотаздымак, зроблены ў беларускім лесе. Павуціна, якая закрывае ўвесь кадр, сімвалічна акрэслівае рэальнасць тых часоў, якія мы перажываем – адзначыла фотамастачка на цырымоніі адкрыцці выставы.

 

У Магілёве адкрываецца выстава знакамітай беларускай фотамастачкі Марыны Бацюковай

“Падарожжа да сябе” – серыя здымкаў, зробленых падчас падарожжаў па Германіі, Ізраілі, Азербайджане, Грузіі, Францыі і Арменіі ў перыяд 2014–2022 гг. Выстава будзе працаваць у музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі з 6 кастрычніка па 6 лістапада.

Марына Бацюкова – прыхільніца дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы яе даследаванняў – паўсядзённасць, псіхалагічныя партрэты асобы, узаемаадносіны чалавека з навакольным асяроддзем.

Выстава “Падарожжа да сябе” прымеркавана да 30-годдзя творчай дзейнасці фотамастачкі, члена Беларускага саюза мастакоў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, удзельніцы і куратара шматлікіх выстаў і праектаў у Беларусі і за мяжой.

У экспазіцыі выставы – візуальны дзённік уражанняў ад асабістага знаёмства з краінамі, мастацкія вынаходкі і ўнікальныя вобразы. Нацыянальны і культурны каларыт краін прадстаўлены манахромнымі фотаздымкамі-гісторыямі, вельмі рэальнымі, дасканалымі, знятымі на плёнку і надрукаванымі ўручную ў класічнай тэхналогіі бромсярэбраных адбіткаў, чыстымі малюнкамі оптыкі.