На магілёўскай барахолцы хоць раз у жыцці бываў кожны гараджанін.
Магілёў.media паназіраў за жыццём адметнай мясціны гораду і агледзеў тутэйшы тавар.
У суботы і нядзелю Быхаўскі рынак сустракае наведніка, выкладзеным на зямлі таварам, прынесеным, пераважна, пенсіянерамі. Гандляры не гучна прапануюць мінаку нешта прыдбаць у яго. Амаль кожны прахожы не праміне зірнуць на прапанаванае. Калі яно яго не зацікавіць, пройдзе не спыняючыся.
На барахолцы збіраюцца тыя, каму карціць прадаць непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Прыходзяць жа на яе тыя, каму трэба набыць тое, чаго часам не адшукаць у крамах.
«Тут людзі распрадаюць сваё мінулае жыццё», – кажа пра будзённасць барахолкі адзін з яе гандляроў.
У іншых краях барахолку называюць блышыным рынкам. Як і ў Магілёве на ім прадаюць і купляюць старыя, ужываныя, ці непатрэбныя рэчы. Адшукаць на такіх рынках можна і антыкварныя, калекцыйныя рэчы ды прадметы даўніны. Як правіла цана на такі тавар не надта высокая, але і якасць іх сумнеўная.