Навіны пабрацімаў. У Мікалаве стварылі мурал з «катом-ахоўнікам», які дапаможа перажыць гараджанам ліхалецце

Мясцовыя мастакі стварылі мурал з узброеным катом для падтрымкі тых, хто застаўся ў горадзе і тых, хто абараніць яго.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


«Кот-ахоўнік», галоўны персанаж карціны, намаляванай на тарцы аднаго з дамоў, паводле задумы аўтараў дапаможа жыхарам прыфрантавога гораду аднаўляць раўнавагу.

«Нязломныя Херсон, Адэса і Мікалаеў», суправаджае ката надпіс.

Аўтараў муралу мясцовыя медыі называюць Алёнай і Змітром. Яны кажуць, што галоўная ідэя іхнага твору ў тым, каб людзі не толькі зважалі на агрэсію і разбурэнне, але і бачылі тое, што можа ўзняць настрой. Прысвечаны ён землякам, якія засталіся ў горадзе, і тым, хто яго бароніць.

«Калі шмат цемры, чалавечая псіхіка імкнецца дадаць і ўбачыць нешта добрае, таму вырашылі са Змітром стварыць гэты мурал», – падае словы Алены мікалаеўская фотамастачка Святлана Воўк. Яна першай паведаміла, што ў Мікалаева з’явіўся «кот-ахоўнік».

May be an image of 3 people and outdoors


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота з рэсурсу: facebook.com/sveta.vovk.56

«Улетку пыльная, а ўвесну і восень разбітая». Жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі не адзін год чакаюць рамонту дарогі

Дарога ў выбоінах, а аўтамабілістам даводзіцца лавіраваць паміж імі, каб начынне машыны засталося ў ёй, а не на разбітым бальшаку.

Узбочына таксама ў неналежным стане. Паколькі на вясковай дарозе не прадугледжаныя тратуары, то пешаходы, ідучы ўздоўж разбітай праезнай часткі, апынаюцца ў небяспечным становішчы. Машынам даводзіцца выязджаюць на броўку, а людзям саскокваць пад адхон.

Так, выглядае дарога да вёскі Ракузаўка. Па словах мясцовай жыхаркі праезную частку пашкодзіла сельскагаспадарчая тэхніка.

Як адзначаюць вяскоўцы колькі год таму дарогу часткова былі адрамантавалі, але гэтага аказалася недастаткова.

«З кожным днём ямінаў на дарозе становіцца больш», скардзяцца жыхары Ракузаўкі.

Дарога да яе знаходзіцца на балансе прадпрыемства ДРБУ №128. Адтуль вяскоўцам адпісалі што ў 2022 годзе яе рамантаваць не будуць, бо яна не ўключана ў пералік аб’ектаў бягучага рамонту мясцовых аўтамабільных дарог, напісана на сайце газеты «Прыдняпроўская ніва».

Ракузаўка – родная вёска журналіста Аляксандра Ўліцёнка. У 2003 годзе пра паселішча ён пісаў:

«У маёй роднай вёсцы Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, калісьці былі тры футбольныя палі, дзве валейбольныя пляцоўкі, а сотня двароў, усе тры вуліцы літаральна патыналі ў зелені… Адна бяда – дарога: улетку пыльная, увесну ды ўвосень разбітая».

Вёска Ракузаўка за пяць кіламетраў ад Магілёва. Да чыгуначнага прыпынку Цішоўка – 2 кіламетры. Насельніцтва – 100 чалавек. Вядомая з канца 19 стагоддзя, як хутар. У 1897 годзе ў ім было 6 сядзібаў з 44 жыхарамі.

У 1990 годзе вёска налічвала 66 прыватных гаспадарак і 182 жыхары. Адносілася да калгаса «Маяк камунізму». Тут былі вытворчая брыгада, кароўнік і свінарнік, а таксама магазін ды клуб.

фота: pniva.by