Абвешчаны збор сродкаў на дапамогу палітвязню з Круглага

Былы палітвязень з Круглага Уладзіслаў Лагуценка звяртаецца да грамадскасці з просьбай дапамагчы свайму айчыму — Дзянісу Хахлову, які таксама быў пакараны па палітычным артыкуле і з’ехаў у эміграцыю.

Як распавядае Лагуценка, ягоны айчым — звычайны чалавек з Круглага, будаўнік, які ніколі не цікавіўся палітычным жыццём. Аднак у 2020 годзе, калі сталі вядомыя вынікі электаральнай кампаніі, ён не змог застацца ўбаку. Па словах Уладзіслава, яны разам выходзілі на мірныя пратэсты, выказваючы нязгоду з несправядлівасцю і гвалтам.

Пасля таго як самога Лагуценку затрымалі, ён зразумеў: наступным можа быць яго айчым. Каб пазбегнуць арышту, той у лютым 2023 года выехаў у Расію — гэта, як прызнаецца Лагуценка, здавалася больш бяспечным варыянтам.

Але спакою гэта не прынесла. Улетку таго ж года, калі Хахлоў паспрабаваў пераляцець з Расіі ў Грузію, яго затрымалі на мяжы ў Кабардзіна-Балкарыі. Беларусь абвясціла яго ў міждзяржаўны вышук, бо на Хахлова ўжо была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 342 — за ўдзел у пратэстах. Лагуценка падкрэслівае іронію сітуацыі: расійская пракуратура афіцыйна прызнала, што дзеянні Хахлова не з’яўляюцца злачынствам у РФ.

Аднак замест вызвалення, па словах Уладзіслава, айчыму склалі адміністрацыйны пратакол — за перавышэнне тэрміну знаходжання ў Расіі на месяц і восем дзён без рэгістрацыі. Гэта і стала фармальнай падставай для яго высылкі ў Беларусь, дзе яго адразу перадалі пад суд.

Па інфармацыі Лагуценкі, Дзянісу прысудзілі паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі. Нягледзячы на цяжкія ўмовы і праблемы са здароўем, Хахлоў вытрымаў — у многім дзякуючы падтрымцы іншых палітвязняў. Уладзіслаў адзначае, што хоць сур’ёзных наступстваў для здароўя не было, адсутнасць меддапамогі дала пра сябе знаць.

Пасля вызвалення ў лістападзе 2024 года, Дзяніс, як распавядае Лагуценка, прыняў канчатковае рашэнне з’ехаць з краіны. Ён зразумеў, што другі прысуд — толькі справа часу, і жыць у рэпрэсіўнай рэальнасці больш не хоча. З дапамогай каманды BYSOL праз тры месяцы чакання візы Хахлоў выехаў у Польшчу.

Цяпер, па словах Уладзіслава, ягоны айчым пачынае жыццё з чыстага ліста. Але пакуль ён не прайшоў працэдуру легалізацыі, у яго няма ні працы, ні фінансавай стабільнасці. Ён прыехаў у чужую краіну з адной валізкай, і ўсе сродкі ўжо вычарпаныя.

— Я звяртаюся да ўсіх, хто можа дапамагчы, — кажа Лагуценка. — Дзянісу патрэбныя сродкі на жыллё, бытавыя патрэбы, візіт да лекара. Ён проста не змог маўчаць. Дапаможам яму цяпер, калі ён сам апынуўся ў складанай сітуацыі.

Інфармацыя аб зборы сродкаў для Дзяніса Хахлова месціцца на сайце Фонда беларускай салідарнасці Байсол. 

!Важна: перавод грошай з беларускіх ці расійскіх рахункаў з’яўляецца небяспечным для ахвярадаўцы!

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”