Магілёўскі гісторык Аляксей Бацюкоў працягвае выпуск гістарычных лекцый па мінуўшчыне Магілёўскага рэгіёна.
Новая лекцыя, што была апублікаваная 22 студзеня, прысвечана панараме гарадскога жыцця ў Магілёве 1620-х гадоў.
Бацюкоў расказвае пра імкненне гарадскога магістрата абмежаваць у Магілёве наплыў несапраўдных жабракоў, якія просяць міласціню на вуліцах горада, хоць самі не маюць ніякіх хвароб і калецтваў. Наступная тэма лекцыі – дэтэктыўнае даследаванне Яраша Казана, які здолеў прадставіць на суд рабаўніка ягонай крамы, апазнаўшы ў руках злачынцы свой скрадзены талер.
Жыццё жанчыны ва ўмовах строгіх сацыяльных правілаў і забаронаў раскрываецца праз гісторыю з загадкавай інакіняй Стэфанідай, якая спрабавала памяняць сваю сацыяльную ролю. Чым адказала на гэта грамадства – можна даведацца з новай лекцыі гісторыка.