Дзень у гісторыі: 31 ліпеня. Перамога пад Лоевым. Нарадзіўся Ігнат Дамейка, паўстанец, выгнанец, нацыянальны герой Чылі. Канец бальшавіцкай квазідзяржавы Літбел. Будаўніцтва «хрушчовак». Памёр праваабаронца Аляксей Філіпчанка, які падпаліў сябе каля суда

1640 год. Нарадзіўся Міхал Карыбут-Вішнявецкі.

Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Яго валадаранне было няўдалым: аслабла каралеўская ўлада, дзяржава прайграла вайну з Асманскай імперыяй, страціла Падолле.

 


1649 год. Войска ВКЛ гетмана Януша Радзівіла разбіла 20-тысячнае казацкае войска ў бітве пад Лоевам.

Казакі пацярпелі цяжкае паражэнне. Страцілі больш за 10 тысяч чалавек. Войска Радзівіла таксама панесла значныя страты і адышло да Рэчыцы. Такім чынам, не выйшла нанесці ўдар у тыл асноўнаму войску Хмяльніцкага.

Гэты ўкраінскі гетман узняў паўстанне супраць Рэчы Паспалітай. З яго ініцыятывы быў заключаны саюз з Масковіяй у 1654 годзе. Пазней адумаўшыся, што пад царскай апекай нельга ўтварыць незалежнай дзяржавы, шукаў пагаднення з Трансільваніяй і Швецыяй.

 


1802 год. Нарадзіўся Ігнат Дамейка.

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг.

У 1819 уступіў у студэнцкі «Саюз сяброў», затым у Таварыства філаматаў разам з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў канспіратыўнае імя Жэгота, пад гэтым імем яго згадвае у паэме «Дзяды» Адам Міцкевіч.

Быў арыштаваны расійскімі ўладамі ў лістападзе 1823 года. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Па яго здушэнні вымушаны быў пакінуць родны край і большую частку жыцця аддаў краіне ў Паўднёвай Амерыцы – Чылі.

Нацыянальны герой Чылі. Яго імем названы ўніверсітэт у Чылі, вуліцы ў 10 гарадах гэтай краіны, а таксама ў Вільні, Навагрудку.

Таксама названыя ў яго гонар – малая планета, мінерал, некалькі відаў раслін і шмат іншага.


1817 год. Нарадзіўся Ігнат Храпавіцкі.

Паэт і фалькларыст, грамадскі дзеяч, руплівец вызвалення сялян ад прыгону.

Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэту.

Аўтар працы «Погляд на паэзію беларускага народу» – першай гісторыка-параўнальнай характарыстыкі беларускай фальклорнай спадчыны.


1920 год. Спыніла існаванне Літоўска-беларуская ССР (Літбел, 27 лютага-31 ліпеня) і адбылося другое абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўнае ўтварэнне, якое з’явілася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі бальшавікоў 27 лютага 1919 шляхам аб’яднання часткі Беларусі і Літвы. Сталіцай была абвешчаная Вільня.

У красавіку-верасні 1919 тры чвэрці Літбелу былі занятыя польскімі войскамі. Органы ўлады квазідзяржавы часткова ліквідаваны паводле рашэння бальшавікоў.

Па падпісанні мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Літвой 12 ліпеня 1920 і другога абвяшчэння незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь 31 ліпеня 1920, Літбел юрыдычна спыніла існаванне.


1957 год. Нараджэнне «хрушчовак».

ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову «Аб развіцці жыллёвага будаўніцтва ў СССР» з якой пачалася эпоха масавага буйнапанэльнага домабудавання.

У гарадах пачалі ўзводзіць мікрараёны стандартных пяціпавярховікаў з невялікімі кватэрамі – з «хрушчоўкамі».

Архітэктар адной з серыяў такіх дамоў Віталій Лагуценка нарадзіўся ў Магілёве.


1989 год. Нарадзілася Вікторыя Азаранка.

Беларуская тэнісістка. Экс-першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема, алімпійская чэмпіёнка.


1998 год. Памёр Аляксей Філіпчанка.

Юрыст, праваабаронца.

Пачаў прафесійную кар’еру ў раённай пракуратуры ў 1978 годзе, хутка стаў абласным следчым у асабліва важных справах. Спецыялізаваўся на «пярэваратнях»: пракурорах, суддзях, міліцыянтах. Удзельнік спецыяльнай групы пракуратуры СССР, што ў другой палове 1980-х займалася справай віцебскага маньяка Міхасевіча.

З прыходам да ўлады ў Беларусі Лукашэнкі публічна заяўляў, што праваахоўныя органы выйшлі з-пад кантролю грамадства.

Як праваабаронца дапамагаў адстойваць інтарэсы свабодным прафсаюзам і грамадскім структурам. Не здолеўшы абараніць адну з кліентак учыніў акт самаспалення на знак пратэсту супраць бяздзейнасці судовых чыноўнікаў. 23 дні знаходзіўся ў рэанімацыі.


У публікацыі выкарыстоўваюцца звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.