У кніжнай краме «Асвета» пракуратура выявіла два экзэмпляры кнігі «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» аўтара Віктара Ляхора. Быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.
Твор Ляхора ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў згодна з рашэннем Ленінскага суду Гродна ад 18 красавіка 2022 году.
5 ліпеня Ленінскі суд Магілёва аштрафаваў кнігарню, як юрыдычную асобу, на 4800 рулёў (1850 долараў ЗША) за «распаўсюджванне» экстрэмісцкіх матэрыялаў. Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава.
Пра прысуд стала вядома праваабаронцам. Паводле іх дырэктарка крамы ў судзе даводзіла, што «на пасаду прызначаная толькі 24 мая і ёй не было вядома аб наяўнасці забароненых кніг ва ўстанове, якой кіруе».
Па яе словах, выдавецтва «Харвест», якое выпусціла кнігу Ляхора, таксама не папярэдзіла, што яе варта прыбраць з продажу. Згодна з дамоваю, казала ў судзе кіраўніца крамы, творы Ляхора ўласнасць выдавецтва. Яна адзначала, што Міністэрства інфармацыі не паведаміла ёй аб продажы забароненай літаратуры.
Віктар Ляхор – вядомы ў Беларусі мастак-геральдыст. Ён стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС. Па яго словах ён цалкам спыніў супрацу з беларускімі сілавымі структурамі пасля пратэстаў 2020 года.
Віктар Ляхор – адзін з аўтараў сімволікі беларускіх гарадоў. Уваходзіў у Геральдычную раду пры найвышэйшым органе выканаўчай улады.