Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ігар Леднік

Асуджаны на 3 гады калоніі.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку.

Паводле праваабаронцаў, справу разглядала суддзя Тацяна Шоцік з суда Ленінскага раёну Мінска.

Мікіта Слепянка

Асуджаны на 3 гады калоніі.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу стала адміністраванне ім культурна-гістарычнага тэлеграм-каналу.

Слепянку прызналі вінаватым у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім».

Уладзімір Бранавіцкі

Асуджаны на 1 год калоніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы пішуць, што нагодай для крымінальнага пераследу стала вывешванне ім бел-чырвона-белай сімволікі.

Яго прызналі вінаватым у «хуліганстве». Справу разглядала суддзя Аксана Копыч.

Уладзімір Целяпун

Асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, абвінавачаны ў «распаўсюджванні экстрэмісцкай інфармацыі». Падчас разгляду справы яму выклікалі хуткую дапамогу.

Таццяны Пячко

Аштрафавалі на 100 базавых велічыняў (3200 рублёў).

Праваабаронцы пішуць, што кіраўніцу грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» абвінавацілі ў «парушэнні парадку арганізацыі або правядзенні масавых мерапрыемстваў».

Сафія Малашэвіч, Аляксей Зікееў

Выйшлі на волю, адбыўшы прысуджанае. Абодва прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.

Малашэвіч пасадзілі за тое, што ў 2020 годзе на «Маршы адзінства» зрабіла графіці на шчытах міліцыянтаў.

Зікееў быў чальцоў вылучэнца на прэзідэнцтва Валерыя Цапкалы.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ілля Гольцаў, Аляксей Рэзнікаў, Анастасія Лазарэнка, Наталля Лашч і Дзмітрый Іванчанка.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Ілля Верамееў

Асуджаны да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу сталі паведамленні ў тэлеграм-каналах. Яго прызналі вінаватым у «замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў» і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Справу разглядаў Гомельскі абласны суд. На працэсе старшыняваў суддзя Анатолій Сотнікаў.

Павел Варапай

Асуджаны да 3,5 гады калоніі і штрафу на больш як 20 тысяч рублёў.

Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «публічнай абразе Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзі, паклёпе».

Праваабаронцы пішуць, што Варапай у тэлеграм-каналах пакідаў «абразлівыя» каментары не толькі на Лукашэнку, але яшчэ на Ярмошыну, Качанаву, Шведа, Макея і іншых чыноўнікаў.

Валянцін Музыкін

Асуджаны на 2 гады калоніі.

Праваабаронцы паведамляюць, што яго асудзілі за «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», а таксама «абразу прадстаўніка ўлады».

На закрытым працэсе старшыняваў суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў.

Віктар Кулінка

Асуджаны да трох гадоў калоніі.

Яго звінавацілі ў перадачы аднаму з тэлеграм-каналаў фота расійскай вайсковай тэхнікі і асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», пішуць праваабаронцы.

Праваабарончай супольнасцю Кулінка прызнаны палітвязнем. Яго затрымалі 30 сакавіка і запісалі з ім «пакаяльнае відэа».

Паліна і Станіслаў Кабешавы

Мужа і жонку асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію («хатняй хіміі»).

Паводле праваабаронцаў іх вызвалілі ў залі суда, а ўтрымлівалі ў няволі чатыры месяцы.

Нагодай для крымінальнага пераследу Кабешавых стаў удзел у пратэстах 2020 году. Іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Спачатку Кабешавых асудзілі па адміністрацыйнай справе і адправілі на «суткі», а потым перавялі ў сталічнае СІЗА-1 у межах крымінальнай справы.

Ігар Банцэр

Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў у судзе Цэнтральнага раёну Мінска адбыўся чарговы працэс над Ігарам Банцэрам. Яго абвінавацілі ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» і асудзілі яшчэ на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

З улікам гэтага тэрміну Банцэр застанецца ў ізалятары як сама мала 45 дзён.

Ганна Тукава

Аштрафавана, але застаецца ў няволі.

Праваабаронцы пішуць, што Тукава правяла 1 верасня ў гімназіі №1 Наваполацку антываенную акцыю. Яе аштрафавалі, але на волю з ізалятару не выпусцілі. На яе складзены яшчэ адзін пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.

Праваабаронцы паведамляюць, што ў Тукава гадуе дзіця.

Уладзіслаў Рабіч

Трапіў пад пераслед.

Паводле праваабаронцаў мужчына з першай групай інваліднасці, які мае дыягназ ДЦП і выкарыстоўвае вазок, адрэагаваў у сацыяльнай сетцы на допіс пра Лукашэнку.

9 жніўня 2022 года ў дом, дзе знаходзіліся Рабіч і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. Пагражаючы яны змушалі яго, адрачыся ад каментару. Рабіч адмовіўся выконваць загад міліцыянтаў. Тыя ў адказ паабяцалі распачаць супраць яго крымінальную справу.

Судзіць Рабіча за абразу Лукашэнкі будуць 12 верасня на трэцім паверсе тэрытарыяльнага Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, дзе няма пандуса.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Антон Малюга

Асуджаны да трох гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў нагодаю для крымінальнага пераследу стала, нібыта, збіранне ім звестак аб размяшчэнні воінскіх частак і адсыланне іх у «экстрэмісцкія» тэлеграм-боты.

Малюгу прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «незаконным збіранні звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты».

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько.

Сяргей Раманаў

Змешчаны на месяц у памяшканне камернага тыпу, пішуць праваабаронцы.

Раней яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а таксама пазбавілі былі рэжымнай перадачы і званкоў родным.

Праваабаронцы нагадваюць, што 22 снежня 2021 году Мінскі абласны суд актывісту анархісцкага руху Раманава асудзіў да 20 гадоў калоніі. Столькі ж далі яго паплечніку Аліневічу.  Рэзановіча пакаралі да 19, а Дубоўскага – да 18 гадоў калоніі.

Разглядалі справу ў закрытым рэжыме.

Уладзімір Целяпун

Затрыманы.

Праваабаронцы пішуць, што яго забралі з дому і паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінуюць «распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі ў Фэйсбуку». Па зняволенні ўтрымліваўся ў Мазырскім аддзеле міліцыі.

Вольга Кронда

Асуджанай да трох гадоў «хатняй хіміі» і штрафу ў 3000 рублёў забаранілі хадзіць у казіно ды гуляць у азартныя гульні, пішуць праваабаронцы.

Кроўду абвінавацілі ў абразе міліцыянта Руслана Куцко і абавязалі сплаціць яму «маральную кампенсацыю», але яна таго не зрабіла і на яе наклалі такія абмежаванні.