У Азербайджане толькі з прыездам высокага лукашэнкаўскага чыноўніка афіцыйна адкрылі вытворчасць па зборцы магілёўскіх ліфтоў. Пры гэтым яе пачалі мінімум 15 гадоў таму.
Як перадае БелТА, 5 траўня 2025 года зборачная вытворчасць ліфтаў “Магілёўліфтмаш” афіцыйна адкрылася ў Азербайджане пры ўдзеле прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, які знаходзіцца там з афіцыйным візітам.
“Прэм’ер-міністру Беларусі паказалі вытворчыя магутнасці кампаніі і мадэлі ліфтаў, якія будуць збірацца ў Азербайджане. Агульная тэрыторыя вытворчасці ў Баку складае 1,2 га і ўключае два вытворчыя памяшканні па 500 кв. м і 1,8 тыс. кв. м”, – гаворыцца ў паведамленні.
Разам з тым, яшчэ у жніўні 2010 года расійскае выданне “Лифт-пресс” са спасылкай на тую ж БелТА, пісала, што Магілёўліфтмаш “у бягучым годзе паставіць у Азербайджан 120 камплектаў для зборкі ліфтавага абсталявання”.
“Пры гэтым пастаўляецца не поўны камплект для зборкі абсталявання, паколькі частка неабходных дэталяў вырабляюць у Баку. Аб’ёмы паставак абсталявання ў 2011 годзе будуць залежаць ад патрэбы азербайджанскіх партнёраў. Летась “Магілёўліфтмаш” паставіў у Азербайджан 43 ліфты. Сумесныя вытворчасці па зборцы ліфтавага абсталявання РУП” Магілёўліфтмаш ” працуюць таксама ў Расіі, Украіне, Казахстане”, – гаварылася ў паведамленні.
На фота: Аляксандр Турчын