Сусветны дзень прывітанняў (World Hello Day, з 1973 года).
У 1973 годзе, у разгар халоднай вайны амерыканцы Браян і Майкл Маккорман са штата Небраска ў знак пратэсту супраць узмацнення міжнароднай напружанасці адправілі лісты з ветлівымі прывітаннямі ва ўсе канцы свету і папыталі адрасата проста павітаць каго небудзь яшчэ.
Яны нікому не навязвалі сваіх ідэй барацьбы за мір ва ўсім свеце. Яны толькі прасілі адрасата павітаць яшчэ каго-небудзь, яшчэ ну хаця б чалавек з дзесяць.
Гэта ідэя была падтрымана ў больш як 180 краінах. З таго часу Сусветны дзень прывітанняў адзначаюць і грамадзяне ўсіх прафесій і ўзростаў, і буйныя палітычныя лідэры, і прамысловыя магнаты, і сусветна вядомыя асобы кіно і тэлебачання.
Сусветны дзень тэлебачання (World Television Day, з 1998 года).
Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар даты правядзення першага Сусветнага тэлевізійнага форума 1996 года.
Дзяржавам было прапанавана адзначаць гэты дзень, абменьваючыся тэлевізійнымі праграмамі, прысвечанымі такім праблемам, як мір, бяспека, эканамічнае і сацыяльнае развіццё і пашырэнне культурнага абмену.
У тэлебачання няма адзінага вынаходніка. Дзякуючы намаганням савецкіх навукоўцаў Б. Розінга, С. Катаева, А. Канстанцінава, П. Цімафеева, П. Шмакава, амерыканскіх У. Зварыкіна, Ф. Фарнсуорта, брытанскага А. Кэмпбэла-Суінтана і іншых тэлебачанне з’явілася на пачатку 1930-х гадоў.
У Еўропе масавае распаўсюджванне тэлевяшчанне атрымала толькі ў 1950-я, у астатнім свеце – на пачатку 1970-х гадоў.
Сёння ў свеце не засталося дзяржаў, якія не ахоплены тэлевяшчаннем. Да найбольш буйных тэлекампаній свету адносяцца: CBC, NBC, ABC – у ЗША; BBC, ATV – у Вялікабрытаніі; Раі – у Італіі; NHK – у Японіі і іншыя.
У 1933 годзе быў створаны Камітэт па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК БССР. У Беларусі тэлевяшчанне з Масквы пачалося ў 1939 годзе. 1 студзеня 1956 года на Беларусь пачаліся рэтрансляцыі праграм маскоўскага Цэнтральнага тэлебачання, з’явілася “Беларускае тэлебачанне”. У верасні 1991 года Дзяржтэлерадыё БССР было перайменавана ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні.
1368 год. На Увядзенне адбылася Тросненская бітва. Найбольш буйная перамога ВКЛ над Вялікім княствам Маскоўскім у XIV стагоддзі.
Цяжкаўзброеная літоўская конніца на чале з вялікім князем Альгердам на рацэ Тросне ўшчэнт разграміла лёгкую, дрэнна ўзброеную і тактычна недасведчаную маскоўскую, абодва ваяводы – Дзмітры Мінін і Акінф Шуба – і амаль усе ратнікі былі забіты ці ўтапіліся ў рацэ.
“Первая Литовщина” маскоўскіх летапісаў была распачата Альгердам у падтрымку саюзнага ВКЛ Вялікага княства Цвярскога.
Раптоўнае з’яўленне Альгерда “в силе тяжце”, забяспечанае поўнай сакрэтнасцю руху войска, заспела вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя і яго саюзнікаў знянацку.
Перамога адкрыла Альгерду шлях на Маскву, трохдзённая аблога якой была, аднак, безпаспяховай. За год да гэтага быў пабудаваны мураваны Маскоўскі крэмль.
Альгерд хадзіў на Маскву яшчэ двойчы – у 1370 і 1372 гадах.
На фота: Помнік Альгерду ў Віцебску, planetabelarus.by
1783 год. Адбыўся першы ў гісторыі палёт чаловека на паветраным шары.
Французы Пілатр дэ Розье і маркіз д’Арланд здзейснілі палёт на паветраным шары братоў Мангольф’е (сферы, якія напаўняюцца цёплым паветрам, сталі называцца мангальф’ерамі).
Напоўнены гарачым паветрам шар вышынёй 22,7 м і дыяметрам 15 м падняўся з саду замка дэ ла Мюэт у заходнім прыгарадзе Парыжа. Паветраплавальнікі дасягнулі вышыні 915 м і за 25 хвілін пакрылі адлегласць 9 міль, а затым шчасліва прызямліліся ў полі каля дарогі на Фантэнбло.
Да гэтага, 27 жніўня 1783 года, француз Жак Шарль напоўніў сферу вадародам (такія шары сталі называцца шарльерамі) і запусціў яе з Марсава поля ў Парыжы, але яна была без пасажыраў.
19 верасня 1783 года браты Мангальф’е ў Версалі адправілі ў палёт першых жывых істот: барана, пеўня і качку. Палёт заняў каля 8 хвілін, шар праляцеў 3 км. На вышыні 500 м сфера прарвалася, аднак спусцілася на зямлю настолькі плаўна, што ні адна жывёліна не пацярпела. Гэта натхніла на запуск у палёт людзей.
1790 год. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.
Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.
Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.
Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.
Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.
Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў, з іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.
Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.
wikimedia.org
1869 год. Нарадзіўся Казімір Стаброўскі.
Беларускі жывапісец, педагог.
Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі.
Падарожнік па Малай Азіі (Бейрут, Палесціна, Канстанцінопаль), Еўропе, Расіі, Егіпту.
Заснавальнік і кіраўнік (1904-1909) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, аб’яднання мастакоў «Sursum Corda».
Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн, у тым ліку С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і іншых.
59 яго прац захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
Памёр 8 чэрвеня 1929 года.
1910 год. У Мінску асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Чырвоны касцёл.
Каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі пабудаваны ў1905-1910 гадах на сродкі грамадска-палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча (1847-1928) у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях – Сымоне і Алене Вайніловічах.
Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Помнік культуры і гісторыі. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Э. Вайніловіч.
Увечары 26 жніўня 2020 года, у час адной з мірных акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў, пачаліся масавыя затрыманні. АМАП зачыніў усе дзверы ў касцёл, заблакаваўшы на 40 хвілін некалькі дзясяткаў людзей, якія там схаваліся. Дзеянні праваахоўных органаў выклікалі абурэнне ў грамадскасці. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў рашучы пратэст на дзеянні АМАПу. Яго падтрымаў біскупскі вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. 27 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў да раследвання неадэкватных і супрацьпраўных дзеянняў, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога:
“Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту”.
У той жа дзень вакол касцёла жанчыны са звязанымі рукамі ўтварылі ланцуг салідарнасці. Падтрымаць жанчын выйшаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
wikimedia.org
1921 год. Нарадзіўся Янка Юхнавец.
Беларускі паэт.
У Вялікую Айчынную вайну, у пачатку акупацыі, арыштаваны СД, летам 1944 года вывезены ў Германію. Скочыў Вольны універсітэт у Мюнхене. З 1949 года жыў у ЗША.
Аўтар трох зборнікаў паэзіі, кніг выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990), «Сны на чужыне» (Мінск, 1994; з серыі «Галасы беларускага замежжа» выдавецтва «Мастацкая літаратура»).
Шмат твораў Я. Юхнаўца не выдана.
Памёр 6 студзеня 2004 года ў Нью-Ёрку.
1925 год. Нарадзіўся Сямён Герус.
Беларускі графік.
Першы выкладчык графічнага аддзялення мастацкага факультэта Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, студэнтаў навучаў тэхнікам графічнага мастацтва – лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту і іншым, заахвочваў звяртацца да гістарычнай тэматыкі.
Сярод яго вучняў – Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі і іншыя.
Член мастацкай суполкі «Пагоня».
Першым сярод беларускіх мастакоў у паваенныя гады ўзняў гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве. Аўтар цыклу графічных твораў, што прысвечаны К. Каліноўскаму і Ф. Скарыне, партрэтаў вядомы дзеячаў культуры і гісторыі, серый пейзажаў «Плошча Перамогі», «Стары Мінск», кампазіцыі «Мы – беларусы», «Янка Купала ў Вязынцы» і іншых.
Прамёр у 1998 годзе.
1926 год. У Віцебску створаны Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Адзін з найстарэйшых прафесійных беларускіх тэатраў. Створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды прынялі ўдзел Янка Купала, Райніс, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны, Кузьма Чорны.
21 снежня 1944 года тэатру прысвоена імя Якуба Коласа.
У 1946 годзе за спектакль «Несцерка» В. Вольскага тэатру прысуджана Сталінская прэмія.
З 1964 года тэатр працуе ў будынку на плошчы Тысячагоддзя (да 1974 – Тэатральная).
wikimedia.org
1928 год. Нарадзілася Ганна Арашонкава.
Беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за ўдзел у комплексе прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі.
Працавала ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, Мінскім педінстытуце.
Даследавала сучасную беларускую мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію.
Суаўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», “Беларуская граматыка”, «Слоўнік беларускай мовы», «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» і «Кароткі слоўнік беларускай мовы»,«Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі».