Блэйк Джонстан пабіў сусветны рэкорд працягласці сёрфінгу на дошцы ў моры і сабраў 240 тыс долараў.
Джонстан практычна без перапынку займаўся сёрфінгам на працягу 30 гадзін і 11 хвілін – і пабіў сусветны рэкорд, паведамляе BBC. Усталёўваючы рэкорд на адным з пляжаў Сіднэя 40-гадовы прафесійны серфінгіст “асядлаў” больш за 600 хваляў.
На шляху да рэкорду Джонстана было шмат перашкод і рызык, у тым ліку слепата ад салёнай вады, заражэнне вушэй, абязводжванне, а таксама пазбаўленне сну, пераахаладжэнне, напады акул і ўкусы медуз.
Джонстан вырашыў усталяваць рэкорд, каб сабраць сродкі для дабрачыннай арганізацыі, якая заснавана ў памяць алімпійскага сноўбардыста Алекса “Чампі” Пуліне, які ў 2020 годзе патануў ля ўзбярэжжа Аўстраліі, калі займаўся падводным паляваннем.
У выніку марафонскага заплыву спартсмен сабраў 240 тысяч аўстралійскіх долараў на дабрачыннасць (больш за 160 тысяч долараў ЗША). Ён таксама падтрымлівае дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць людзям з псіхічнымі захворваннямі.
Фота з адкрытых крыніц