Дзень у гісторыі: 19 верасня. Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Нарадзіўся мастак Ігар Цішын. Памёр актор Алесь Лабанок. Каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай

1991 год. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў назву беларускай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь і яе дзяржаўныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг ды герб «Пагоня».

Бел-чырвона-белы сцяг – быў дзяржаўным  да 7 чэрвеня 1995 года.

У беларусаў даўняя традыцыя выкарыстання чырвонага і белага колераў у арнаменце. Іх спалучэнне і стала асноваю для бел-чырвона-белага сцягу.

«Пагоня» – спачатку была асабістым гербам Уладзіслава Ягайлы, пазней – роду Гедзімінавічаў. Атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім пры Вітаўце.

«Пагоня» была дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-1919 гадах і Рэспублікі Беларусь да 7 чэрвеня 1995 года.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі замененыя на цяперашнія ў выніку рэферэндуму, праведзенага ў 1995 годзе з ініцыятывы Лукашэнкі.

14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

1551 год. Нарадзіўся Генрых III Валуа.

Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, кароль Францыі (1575-1589).

Прабыў польскім каралём і вялікім князем менш за 4 месяцы: 24 лютага 1574 года быў каранаваны, а па смерці 30 мая французскага караля тайна выехаў з Кракава.

У Францыі Генрыха абралі каралём пад імем Генрыха III.

У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1730 год. Каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай папскімі каронамі.

Шануецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны абраз.

Знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. Свята Жыровіцкай Божай Маці адзначаецца 7 мая.

Абраз з’явіўся ў Жыровіцах у 1470 году

1797 год. Нарадзіўся Януар Сухадольскі.

Жывапісец-баталіст.

Удзельнічаў у руска-іранскай вайне (1826-1828), быў пры штабе фельдмаршала Івана Паскевіча. На яго заказ напісаў цыкл карцін, прысвечаных кампаніі.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў.

Частка яго карцін захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” ў Мінску, у Гомельскім краязнаўчым музеі.

1952 год. У Мінску пусцілі тралейбус.

Першая лінія звязала пасажырскі вакзал з Круглай плошчай.

Цяпер працягласць тралейбусных лініяў у сталіцы – каля 190 км, 62 маршруты, 4 тралейбусныя паркі, каля 1000 тралейбусаў.

Тралейбусамі перавозіцца блізу 27 % пасажыраў гораду.

1938 год. Памёр Браніслаў Туронак.

Грамадскі дзеяч у Заходняй Беларусі за часамі Міжваеннай Польшчы.

Доктар лекарскіх навук. Папулярызатар аховы здароўя. Аўтар брашуры «Гігіена ўзгадавання дзіцяці» (1929).

Працаваў у месячніку «Наш шлях», газеце «Крыніца», Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім сялянскім саюзе, Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры.

Зазнаў пераслед польскіх уладаў за грамадскую дзейнасць.

1958 год. Нарадзіўся Ігар Цішын.

Мастак, жыве і працуе ў Бельгіі.

Яго творам уласцівыя рысы адмовы ад традыцыйных формаў мастацтва, гратэск, алагізм.

Першым у постсавецкай беларускай культуры адкрыў новы патэнцыял партызанскай тэматыкі.

У іранічным вобразе партызана – ляснога жыхара-падпольшчыка, які хаваецца ўнутры любой сістэмы – новая беларуская культуралогія шукае шлях да нацыянальнай ідэнтычнасці.

2004 год. Памёр Рыгор (Гірша) Рэлес.

Яўрэйскі пісьменнік і паэт.

Пісаў на ідыш і беларускай і рускай мовах.

Працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдніх і вячэрніх школах, выкладаў ідыш.

Друкаваў свае творы ў газетах і часопісах.

Аўтар вершаў, аповесцяў, зборнікаў прозы.

Рыгор Рэлес 2.jpg

2005 год. Памёр Алесь Лабанок.

Заслужаны артыст Беларусі.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1969 году працаваў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

2020 год. У Мінску і іншых гарадах адбыліся жаночая пратэстная акцыя «Бліскучы марш», а таксама «Дзень сцяга, марш раёнаў».

Удзельніцы былі апранутыя ў адзенне з бліскаўкамі.

«Дзень сцяга, марш раёнаў», прымеркаваная да надання Вярхоўным Саветам бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сімвалаў незалежнай Беларусі.

Было схоплена сілавікамі блізу 400 чалавек.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў