“Як увайсці ў гандлёвыя сеткі?” – на прыкладзе калгаса “Рассвет” аграрыі ўсёй краіны вучыліся працаваць з гіпермаркетамі
На базе ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» на Кіраўшчыне прайшоў рэспубліканскі навучальны семінар, на якім прадстаўнікі гандлёвых сетак і сельгасвытворцаў вучыліся супрацоўнічаць – піша газета “Кіравец”. Аказалася, што не ўсё так безнадзейна, як падаецца. У семінары прынялі ўдзел высокія чыноўнікі і простыя аграрыі з усёй Беларусі, на якіх трымаецца краіна.
Месцам правядзення невыпадкова стала ААТ «Рассвет ім. К.П. Арлоўскага». Гаспадары паказалі сховішча для агародніны. Дырэктар сельгасарганізацыі Аляксандр Багель распавёў аб вытворчасці бульбы, агародніннай і садавіннай прадукцыі і аб тым, як наладжаны іх захоўванне, збыт, а таксама партнёрства з гандлем. Яму было што паказаць і чым пахваліцца.
З боку гандлёвых сетак на семінары выступілі прадстаўнікі найбуйнейшай беларускай прыватнай сеткі харчовых магазінаў “Еўроопт”. Яны ў сваю чаргу прадэманстравалі праверку якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, звярнулі ўвагу на патрабаванні да яе. Гандляры распавялі, што трэба зрабіць вытворцам, каб прадукцыя мела збыт – то бок, каб гандлёвыя сеткі з ахввотай бралі яе на рэалізацыю.
Як прызналіся ўдзельнікі семінара, праблемы супрацоўніцтва паміж вытворцамі і прадаўцамі актуалізаваліся ва ўмовах санкцый. Выглядае, што галоўнай прычынай нізкага ўзроўню супрацоўніцтва выявілася недастатковая падрыхтаванасць сельгасарганізацый краіны да пастаўкі якаснай, канкурэнтнай і таннай прадукцыі.