Любімае месца адпачынку мужчын з мікрараёна “30 гадоў Перамогі” перастала існаваць. Пляцоўку амаль ачысцілі ад гаражоў для будаўніцтва шматпавярховак.
У 1970-я гады да трыццацігоддзя Перамогі СССР у Вялікай Айчыннай вайне ў Магілёве новай вуліцы і мікрараёну вакол яе далі назву “30 гадоў Перамогі”. Альбо, па-народнаму, “Трыццатнік”.
Разам з будаўніцтвам мікрараёна на яго ўскрайку спачатку стыхійна, а потым больш упарадкавана ўзнік гаражны масіў. Права мець каля пад’езду гараж мелі найперш інваліды. Гаражы вочы не мазолілі, лічыліся часовымі збудаваннямі. У іх мужчыны займаліся сваімі мужчынскімі справамі, і на гаражы асаблівай увагі ўлады не звярталі.
Праз дзесяцігоддзе непадалёк праз лагчыну, якую называлі “даліна кахання” узнік мікрараён “Саломенка”. Так гаражы апынуліся не за горадам, а ўжо ўнутры яго.
І вось пяцідзесяцігадовая гісторыя гаражнага масіву падыходзіць да фінішу. Прынята рашэнне пабудаваць на іх месцы прыгожыя шматпавярхоўкі. Камунікацыі побач, а былой неабходнасці ў гаражах ужо няма.
Апошнія 4 металічныя схованкі аўтамабіляў чакаюць сваёй ліквідацыі. Ды яшчэ дарожкі, якія цяпер нікуды не вядуць, сведчаць пра гісторыю гэтай пляцоўкі.