Сусветны дзень дзіцячага тэлебачання (World Children’s Television Day, другая нядзеля снежня, з 1994 года)
Тэма дзіцячага тэлебачання вельмі актуальная ў наш час, магчыма, таму, што мы ўсе выхадцы з дзяцінства. Свята аб’яўлена Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ).
Кожны год, другая нядзеля снежня на ўсіх тэле- і радыёкампаніях свету эфірны час прысвячаецца дзецям і дзіцячым перадачам.
Магчыма, шмат хто з сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак у будучыні будзе працаваць на тэлебачанні.
Міжнародны дзень танга (International Tango Day).
Святкуецца ў дзень нараджэння аргенцінскага спевака і кінаакцёра, “Караля танга” Карласа Гардэля (1887-1935).
Слова “танга” адразу асацыюецца ў нас са словам “запал”. У гэтым танцы ёсць гісторыя кахання і жыцця, выяўленая целам пад музыку.
Слова “танга” з’явілася значна раней, чым сам танец. Першапачаткова гэтае слова выкарыстоўвалася на адным з Канарскіх астравоў для пазначэння “сходы афрыканцаў для танцаў, для ігры на барабанах”, дарэчы, гэтыя барабаны таксама зваліся “танга”.
Танга нарадзілася ў Буэнас-Айрэсе як танец бедных кварталаў, імігрантаў.
Яно было забаронена ў Германіі і СССР у 1920-1930-я гады.
У Аргенціне ў гэты дзень праводзіцца чэмпіянат свету па танга. Чэмпіянат вельмі ганаровы, і каб патрапіць на яго, пары праходзяць адборачныя туры на сваёй радзіме – у Амерыцы, Еўропе.
Міжнародны дзень гор (International mountain day, з 2003 года).
Заснаваны ААН. Горы – найпрыгажэйшы твор прыроды. У горных раёнах, якія займаюць каля 22% тэрыторыі сушы, пражываюць каля 1 мільярда чалавек – кожны восьмы жыхар Зямлі. Горы гэта крыніца прэснай вады, карысных выкапней, запаведнік для многіх відаў флоры і фауны, месца адпачынку і турызму. Народы, якія насяляюць горную мясцовасць, часта пакутуюць ад прыродных катастроф.
Міжнародны дзень гор спрыяе прыцягненню ўвагі грамадскасці да надзённых праблем горных раёнаў.
1659 год. Курляндыя саступіла галандцам востраў Табага ў Карыбскім моры.
“Дваранская рэспубліка” Курляндскае герцагства знаходзілася ў леннай залежнасці ад ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Курляндыя, а адпаведна і ВКЛ, мела свае калоніі Табага ў Амерыцы і востраў Джэймс у вусці Гамбіі на Гвінейскім ўзбярэжжы Афрыі.
Табага разам з востравам Трынідад зараз уваходзіць у склад дзяржавы Трынідад і Табага. Востраў плошчай 303 км² належыў Курляндыі ў 1654-1659 гадах пад назвай Новая Курляндыя. Саступлены больш шматлікім галандскім пасяленцам.
1876 год. Нарадзіўся Мечыслаў Карловіч.
Беларускі і польскі кампазітар і дырыжор, вядомы сімфанічнымі кампазіцыямі, альпініст, аматар Татраў, фатограф, публіцыст і журналіст.
Нарадзіўся ў Вішнёве (зараз Смаргонскі раён). Жыў, вучыўся і займаўся творчасцю ў Гайдэльбергу, Празе, Дрэздэне, Варшаве, Берліне, Закапанэ.
Аўтар 22 песень і розных аркестравых п’ес, у тым ліку 6 сімфанічных паэм, сімфоній, канцэртаў. Прадстаўнік пост-рамантычнага кірунку.
Яго імя носяць Шчэцінская філармонія, Дзяржаўны комплекс музычнай школы ў Кракаве. У памяць аб ім ўстаноўлены помнік ў Быдгашчы, каля Паморскай філармоніі.
Загінуў у Татрах пад снежнай лавінай 8 лютага 1909 года падчас адзіночнай паездкі на горных лыжах, каля падножжа Малы Касцёлец. Зараз там стаіць мемарыяльная дошка.
1879 год. У Мінску заснавана першая бясплатная «лякарня для прыходных бедных хворых» – першая мінская «паліклініка».
Адкрылася на сродкі Мінскага таварыства лекараў. Ініцыятар адкрыцця і першы кіраўнік установы – доктар медыцыны, адзін з заснавальнікаў унутраполасцевай хірургіі ў Беларусі Сігізмунд Свянціцкі (1836-1910). Яму дапамагаў Іван Стржалка. Прыём вялі каля 15 урачоў і 10 фельчараў. Установа была закрыта праз недахоп фінансавання ў 1881 годзе.
Фота: Дом доктара Свянціцкага ў Мінску.
1920 год. У Беларусі была створана Надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці.
У ліквідацыі непісьменнасці актыўна ўдзельнічалі культармейцы – асобы, якія ўмеюць пісаць. Імі з’яўляліся рабочыя, інтэлігенцыя, студэнты, навучэнцы.
Непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва ў Беларусі была ў асноўным ліквідавана да 1932 года.
1934 год. Нарадзіўся Анатоль Воінаў.
Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Кандыдат архітэктуры.
Сын архітэктара Аляксандра Воінава.
Працаваў у інстытуце Белдзяржпраект, дэканам архітэктурнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута.
Па яго праектах пабудаваны рэстаран «Заслаўе» на Заслаўскім вадасховішчы, будынкі Інстытута матэматыкі, Інстытута фізікі АН БССР, Вылічальнага цэнтра статупраўлення БССР, 120-кватэрныя жылыя дамы ў Светлагорску.
Удзельнічаў у распрацоўцы серыі тыпавых праектаў жылых дымоў, праектаванні зон адпачынку ў раёнах возера Нарач і Заслаўскага вадасховішча.
Аўтар і сааўтар прац «Гісторыя архітэктуры Беларусі. Савецкі перыяд», «Жыллёвае будаўніцтва ў БССР», «Архітэктура Савецкай Беларусі».
1938 год. Расстраляны НКУС Алесь Сташэўскі. Беларускі палітык.
Удзельнік Першай Сусветнай вайны (падпаручнік), беларускага нацыянальнага руху ў Яраслаўлі, Беларусі.
Дзеяч антыпольскага падполля і партызанскага руху, камандзір роты ў Чырвонай арміі.
Быў сакратаром ЦВК і СНК БССР, старшынёй Полацкага акруговага выканкама, правадніком беларусізацыі, народным камісарам унутраных спраў БССР (1926-1928), наркамам юстыцыі і пракурорам БССР (1928-1930).
У канцы 1930 года быў абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы Ігнатоўскага–Жылуновіча, зняты з высокіх пасад. Працаваў старшынёй Бабруйскага райвыканкама, загадчыкам рабфака БДУ, дырэктарам Гомельскага аграпедагагічнага інстытута.
Арыштаваны ў 1937 годзе, асуджаны да вышэйшай меры пакарання.
1946 год. Пры ААН арганізаваны ЮНІСЕФ.
Дзіцячы фонд (UNICEF, United Nations International Children’s Emergency Fund) – міжнародны надзвычайны фонд дапамогі дзецям ААН. Мэтай фонду было аказанне дапамогі дзецям, якія пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, тэрмін дзеяння фонду быў абмежаваны.
У 1953 годзе ААН пашырыла круг дзейнасці арганізацыі і падоўжыла тэрмін яе паўнамоцтваў на нявызначаны час. Фонд атрымаў новую назву – Дзіцячы фонд ААН з захаваннем абрэвіятуры ЮНІСЕФ. Штаб-кватэра фонду размешчана ў Нью-Ёрку. У 1965 годзе Дзіцячы фонд ААН атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.
2002 год. Памёр Сяргей Грахоўскі.
Беларускі паэт, празаік і перакладчык.
Заслужаны работнік культуры.
У дзяцінстве выхоўваўся ў мястэчку Глуск. Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у Дзяржвыдавецтве БССР, у газетах, часопісах, на Беларускім радыё, выкладчыкам на рабфаку БДУ.
Арыштоўваўся НКУС, МДБ у 1936 і 1947 гадах, пакаранне адбываў у ГУЛАГу, ссылцы.
Аўтар 14 зборнікаў паэзіі, 5 кніг вершаў для дзяцей, у тым ліку «Ад вясны да вясны» (1959), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972), кніг нарысаў, апавяданняў, аповесцей, успамінаў, публіцыстыкі, перакладаў.
Аўтар вядомага верша «Ветразь», дзе не ўжыў ніводнага слова сугучнага з рускімі адпаведнікам:
У выраі ветразь знікае
За хваляй, нібы на спачын,
І змора яго не злякае,
Не спыніць тугой далячынь.
У змроку зіхоткая здрада
Завабіць хлуснёй у віры,
На золку сканае прынада
І кволы прамень на жвіры.
Раптоўна згаданыя мроі
У карунках пяшчотнай тугі
Павольна знікаюць, як строі,
У бязважкасці кволай смугі.
Знікае ўсхвалёваны ветразь:
З кунегаю пільна сачу,
Як водар аздобіў паветра,
І ў бездані знічкі лічу.