Іншым фігурантам справы далі ад 5 да 17 гадоў. Усе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.
27-гадовай актывістцы выставілі абвінавачванні па дзесяці артыкулах крымінальнага кодэксу. Да суду маладую жанчыну трымалі ў няволі амаль два гады.
Каардынатарку Валанцёрскай службы адной з беларускіх праваабарончых арганізацыяў разам з мужам схапілі 17 верасня 2020 году. Пазней мужа адпусцілі, а Марфу Рабкову затрымалі ў межах крымінальнай справы за «навучанне, ці іншую падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці».
Праз год няволі актывістка напісала сваякам, што яе збіраюцца судзіць па 11 артыкулах крымінальнага кодэксу. Сярод якіх традыцыйныя для палітычна матываваных справаў: «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Распальванне сацыяльнай варожасці групай асоб» і іншыя.
Паводле калегаў Рабковай, матэрыялы справы супраць яе налічвалі 160 тамоў.
З патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць Марфу Рабкову звярнуліся аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі.
Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу 25 красавіка 2022 года. З хадайніцтва пракурора Рамана Бізюка працэс зрабілі закрыты. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ў матэрыялах крымінальнай справы “ёсць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці”. Суддзя Сяргей Хрыпач задаволіў хадайніцтва пракурора.
Фігурантамі адной з Рабковай справы былі яшчэ 9 чалавек. Як пішуць праваабаронцы агулам іх асудзілі на 94 гады пазбаўлення волі.
- Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў;
- Акіхіра Гаеўскі-Ханада – 16 гадоў;
- Аляксей Галаўко – 12 гадоў;
- Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк– па 6 гадоў;
- Андрэй Марач, Даніла Чуль – па 5 гадоў.