Магутнасці новай кіслароднай станцыі будзе дастаткова, каб забяспечыць стацыянар. Са з’яўленнем новага абсталявання ў Бялыніцкай раённай бальніцы няма неабходнасці адпраўляць хворых у клінікі Магілёва.
Як паведамілі Бялынічы.news, з новай сістэмай бальніца будзе мець пастаянны запас кіслароду. Магутнасць газіфікатара – пяць кубічных метраў. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць увесь стацыянар бальніцы. А старая кіслародная станцыя будзе выкарыстоўвацца як рэзервовая і дзейнічаць у перыяд перазарадкі асноўнага медыцынскага кіслароднага газіфікатара. Сродкі ў памеры 390 тысяч рублёў на будаўніцтва кіслароднай станцыі паступілі з абласнога бюджэту.
Кісларод патрэбны не толькі пацыентам з пнеўманіяй, як мяркуюць многія. Тэрапія, хірургія, аперацыйныя, рэанімацыя стала выкарыстоўваюць кісларод, бо многія захворванні органаў дыхання і сардэчна-сасудзістай сістэмы суправаджаюцца нізкай сатурацыяй.
Як паведамляў яшчэ ў маі Магілёў.media, падчас піку пандэміі Covid-19 у многіх гарадах Беларусі былі перабоі з кіслародам, які жыццёва неабходны для лячэння хворых. Менавіта таму шэсць кіслародных газіфікатараў запланавалі ўстанавіць да канца 2022 году ў больніцах вобласці.
Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкаму Аляксандр Старавойтаў тады абяцаў, што сёлета новыя ўстаноўкі запрацуюць у Бялыніцкай, Чавускай, Касцюковіцкай, Шклоўскай раённых больніцах, а таксама Бабруйскай гарадской больніцы хуткай дапамогі і Магілёўскім шпіталі інвалідаў вайны.
Фота носіць ілюстрацыйны характар