Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы выявілі, што вада ў магілёўскіх вадаёмах, на якіх размешчаныя папулярныя ў гараджанаў пляжы, не адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічным і санітарна-хімічным паказчыкам.
Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя піша, што мясцовай уладзе рэкамендавана забараніць купанне дзяцей, дарослых, а таксама заняткі воднымі відамі спорту ў магілёўскіх асяродках адпачынку:
– на гарадскім пляжы на Дняпры;
– на пляжы на Дняпры ля пасёлку Палыкавічы;
– на пляжы Пячэрскага вадасховішча;
– на пляжы Грабянеўскага вадасховішча.
Падобная, як у Магілёве сітуацыя ў некаторых іншых мясцінах вобласці.
– У Бабруйску на гарадскім пляжы на Бярэзіне;
– У Бабруйску на пляжы «Санаторый імя Леніна» на Бярэзіне;
– У Шклове на гарадскім пляжы, размешчаным паблізу “Лядовай арэны”;
– У Чавусах на пляжы на рацэ Бася, што на вуліцы Верхнеялаўскай;
– У Кіраўску на возеры “Селішча”.
Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя інфармуе аб змяненні сітуацыі з вадаёмамі на сваёй інтэрактыўнай карце.