Першы ўспамін пра горад датуецца 20 снежня 1581 года.
Клімавічы вядомы ў гісторыі, як адзін з цэнтраў манахаў-дамініканцаў на ўсходзе краіны, разам з Мсціславам (у 1626 годзе быў адчынены кляштар), а таксама старавераў (ХVІІ стагодзе, буйное пасяленне, манастыр). Аб старажытным засяленні людзьмі тэрыторыі сённяшняга горада сведчыць знаходка скарбу антычных манет.
Пасяленне належыла родам Бялецкіх, Галынскіх. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай наданы статус павятовага горада (1777) у складзе Магілёўскай губерні, дараваны герб (1781, з вявай залатой пчалы).
Да 1850-х гадоў у Клімавічах працавалі 3 гарбарныя фабрыкі, 5 пачатковых школ, шпіталь, аптэка, бібліятэка. Паводле перапісу 1897 года ў горадзе жыла 4,7 тысяч жыхароў, з іх амаль палова беларусы і крыху меней габрэяў.
Да Першай Сусветнай вайны гэта дастаткова буйны горад: 7 тысяч жыхароў, працавалі друкарня, вінакурні, шкляныя мануфактуры, дзейнічалі 3 царквы, 3 яўрэйскіх малітоўных дома, 25 рамесных майстэрняў, жаночая і мужчынская гімназіі, 4 вучылішчы, бібліятэка, шпіталь, аптэка, шматлікія крамы, ладзіліся кірмашы.
Эканамічнаму развіццю горада паспрыяла будаўніцтва чыгункі Орша-Унеча (будавалася у 1912-1921). Першы цягнік прайшоў у маі 1921 года. Як буйны горад на усходзе, Клімавічы сталі ў 1924 годзе і цэнтрам раёна і цэнтрам Калінінскай акругі.
Перад Вялікай Айчыннай вайной жыла амаль 10 тысяч чалавек. Максімальнай колькасці насельніцтва за ўсю гісторыю горад дасягнуў у 2006 годзе – 17,1 тысяч.
Сёння Клімавічы – горад раённага падпарадкавання і цэнтр раёна на ўсходзе Беларусі і Магілёўскай вобласці. Месціцца на рэках Калініца і Лабжанка, у зоне радыяцыйнага постчарнобыльскага забруджвання глебы па цэзію–137 ад 1 да 5 Ku/км². Мае плошчу ў 16 км², насельніцтва 15,2 тысяч чалаек (на пачатак 2022 года).
Горадаўтваральнымі прадпрыемствамі з’яўляюцца лікера-гарэлачны завод (працуе з 1858 года), камбінат хлебапрадуктаў (мука пшанічная, жытнёвая, рапсавы алей), вапнавы завод (з 1928 года, былы камбінат будматэрыялаў, працуе на базе кар’ера ў в. Лазовіца). Працуюць таксама філіялы “Бабушкіна крынка”, “Дамачай”. Раней працавалі яшчэ прамкамбінат, завод металавырабаў і іншыя прадпрыемствы.
Дзейнічаюць цэнтр культуры, дом рамёстваў, дашкольныя, школьныя і пазашкольныя установы, каледж (з 1932 года, да яго далучана мясцовая СПТВ-214), школа мастацтваў, школа-інтэрнат, метэастанцыя, чыгуначны і аўтобусны вакзалы, гандлёвыя кропкі, рэстаран, кавярня, гатэль. Ёсць свой краязнаўчы музей (з 1978 года). Ёсць свая пешаходня вуліца.
З 1996 года Клімавічы – рэгіянальная культурная сталіца: тут ладзіцца штогадовы міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Асноўная пляцоўка размяшчаецца ў парку (1872 года). У маі гэтага года прайшоў ХХ фестыываль.
У горадзе захавалася некалькі помнікаў архітэктуры. Да іх адносіцца жылы дом князёў Мяшчэрскіх – помнік драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя. Пабудаваны ў 1867 годзе. Зараз у ім прытуліўся краязнаўчы музей. У дарэвалюцыйны час ён з’яўляўся цэнтрам свецкага жыцця не толькі горада, але і павета: тут ладзіліся сустрэчы, імпрэзы мясцовых мастакоў, музыкаў, артыстаў.
Праваслаўная Свята–Міхайлаўская царква псеўдарускага стыля – помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Пабудавана на Базарнай плошчы з цэглы ў 1848 годзе (па іншых звестках у 1866). Паводле матэрыялаў краязнаўца і дырэктара мясцовай мужчынскай гімназіі С. Яраслаўца сабор пабудаваны “па ініцыятыве генерал-губернатара Магілёва графа Мураўёва”.
Захаваліся рэшткі кляштара дамініканцаў (1626–1832). На тэрыторыі горада і наваколляў зафіксаваны 3 старажытных селішчы, 2 стаянкі старажытнага чалавека, 2 курганных могільнікі, гарадзішча.