Сямігадовая дзяўчынка сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. Вайна ва Ўкраіне разверадзіла гістарычныя раны латышоў (фота)


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Сямігадовая Сафія Чарненка з Мікалаева сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. Ейныя карціны прадаюцца на адной з інтэрнэт-платформаў у Казахстане, а таксама праз суполку «Цмок міру» у ЗША. Грошы адразу пералічваюцца ў крыптавалюту Узброеных сіл Украіны.

Дзяўчынка з маці выехала з Мікалаева 24 лютага, калі пачалася поўнамаштабная вайна і была расстроеная, што адмянілі заняткі малявання.

suspilne.media

Па словах маці Ганны дачка вядзе ўласную хроніку вайны і адлюстроўвае яе ў малюнках. Спачатку яна малявала вайну таемна, пакуль яе творы не ўбачылі сваякі, апавядае выданню «Суспільне Новини» гісторыю дачкі жанчына.

На сваіх старонках у сацыяльных сетках Ганна размясціла фатаграфіі малюнкаў Софіі. Іх заўважыла ўкраінская ілюстратарка Іра Шу і прапанавала разам стварыць тэматычны стыкерпак. Грошы ад продажу пойдуць на дапамогу Узброеным сілам. У планах – стварэнне тэматычных налепак.

З пачаткам вайны ў Мікалаеве павялічылася колькасць хворых на сардэчна-сасудзістыя захворванні. У кардыяцэнтры гарадской больніцы №1, які цалкам аднавіў сваю працу, цяпер прымаюць больш грамадзян з інфарктамі і інсультамі, чым да поўнамаштабнай расейскай агрэсіі, паведамляе газета «Миколаївська правда».

«Калі параўноўваць, то ў даваенны час загрузка ложкаў складала 70%, цяпер 100%. Павялічылася колькасць шпіталізацыі. І мы гэта бачым толькі ў адной установе», апавядае начальнік упраўлення аховы здароўя гарсавету Ірына Шамрай.

Па яе словах пасля раненняў, атрыманых у выніку абстрэлаў сканалі 26 цывільных асобаў. Ад 24 лютага ва ўстановы аховы здароўя гораду трапіла 307 параненых. 20-25% пацыентаў праходзяць праз рэанімацыйнае аддзяленне, піша інтэрнэт-выданне Корабелов.инфо.

Ірына Шамрай, паведамляе інфармацыйны рэсурс, што з Мікалаева з’ехала траціна медычных работнікаў. Паводле яе да вайны ва ўстановах аховы здароўя працавала 5177 работніков – цяпер менш за 3412. Яна заўважае, што ўрачы меней пакідаюць свае працоўныя месцы.

«У нас больш за 100 урачоў выехалі, – даводзіць яна. – Гэта пры тым, што ў нас іх было 1112 на пачатак вайны. У асноўным выехала моладзь, у якой маленькія дзеці».

Па яе словах в горадзе засталося 33% ад дзіцячага насельніцтва, якое было да вайны.

У Страсбургу ў Grande Salle de lʼAubette да Дня Еўропы разгорнутая выстава ўнікальнай калекцыі лялек-мотанак. Экспазіцыя «Украінскія лялькі падарожнічаюць па свеце», уратаваная ад расейскіх бамбаванняў з Мікалаева, піша выданне «Ukrinform.ua».

ukrinform.ua

Аўтарка праекту «Лялькі ў еўрапейскіх строях», настаўніца ўкраінскай школы «Эліс» у Осла Ніна Хаген адзначае, што выстава ездзіла па гарадах Украіны да лютага 2022 года. Падарожжа перарвала ўварванне расейцаў. У Мікалаеве выставу меліся адкрыць 1 сакавіка 2022 года. Вывозілі яе, калі горад бамбавалі.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.

Латвійскім расейцам варта зразумець, што вайна ва Ўкраіне разверадзіла гістарычныя раны латышоў, заяўляе былы прэзідэнт краіны Валдіс Затлерс.

«Трэба разумець, – падае ягоныя словы партал «Delfi», – што ў людзей можа быць рознае меркаванне, часта нават непрымальнае, але гэта дэмакратыя».

«У той жа час, супраць тых хто падтрымлівае вайну, малюе літары Z і нападае на ўцекачоў павінны прымацца жорсткія меры, – настойвае ён. – Гэтая лінія, за якую нельга заступаць – паважаць меркаванне, але выступаць супраць нянавісці, выказанай у словах і дзеяннях».


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Харкаўскі нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета пачаў гастролі ў Літве. Па словах Армена Калаяна, галоўнага рэжысёра артысты пакідалі родны горад, калі яго бамбавалі расейцы.

atviraklaipeda.lt

Генеральны дырэктар тэатру Алег Арышчанка паведаміў, што 30 дзяцей калектыву, якім патрэбная псіхалагічная дапамога, ездзяць разам з бацькамі.

«Два месяцы ўсе артысты нашай оперы, балета і аркестра не могуць займацца сваёй справай. І нудзяцца з гэтай прычыны», – адзначае ён.

Паводле яго ў Літву ўкраінскія артысты прыехалі з вялікай праграмай і яе будуць прэзэнтаваць у розных гарадах краіны.

Арганізаваў гастролі генеральны дырэктар Літоўскага нацыянальнага тэатру оперы і балета Ёнас Сакалаўскас, піша  партал інфармацыйнага рэсурсу Atvira Klaipėd. Ён кажа, што трупа тэатру пачала збіраць падтрымку ўкраінскай арміі.