Ці былі неандэртальцы на Магілёўшчыне, калі ўзнік Шклоў, што рабіць з «санямі Напалеона», што ёсць генацыд беларусаў і якім быць музею Вялікай Айчыннай вайны на Буйніцкім полі, якім уяўляўся Магілёў замежным спецыялістам у 1970-я гады – гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі краязнаўцы ў Магілёве.
Як паўставаў краязнаўчы музей
На канферэнцыі «Гісторыка-культурная спадчына Падняпроўя» у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава абмеркавалі гісторыю стварэння краязнаўчага музею.
Гісторыкі Аляксандра Буракова і Алесь Петухоў акрэслілі вехі стварэння музею. Выявілася, што ён раней месціўся ў ратушы, у бібліятэцы, у будынку пазямельнага банку і ў будынку на Ленінскай 60 (цяпер 40). Было прапанавана стварыць галерэю партрэтаў дырэктараў музею і нарысы іх біяграфій.
Пра вяртанне нацыянальных рэліквіяў
Краязнавец Алег Дзячкоў актуалізаваў пытанне вяртання тых музейных прадметаў, якія зніклі пад час вайны.
Дырэктар абласнога краязнаўчага музею Віктар Аненкаў патлумачыў, што вяртаць можна тое, што дакладна належала музею і вядома, дзе цяпер знаходзіцца. Прыкладам, так званыя сані Напалеона, які аршанскі памешчык перадаў музею яшчэ да 1917 году, верагодна знаходзяцца ў маскоўскім музеі Айчыннай вайны 1812 года. Цяпер яны ўключаны ў рэспубліканскі спіс каштоўнасцяў, якія краіна паспрабуе вярнуць. Знаходжанне іншых страчаных прадметаў пакуль невядома.
Абмяркоўваліся археалагічныя здабыткі. Археолаг Аляксандр Коласаў з аднаго боку паставіў пад сумнеў прыналежнасць крэменю з Клеевіч да эпохі мусцье, а значыць і да неандэртальскай спадчыны, а з іншага наадварот паказаў, што неандэртальцы дакладна жылі на тэрыторыі Беларусі. Мусцье – гэта археалагічная культура, якую пакінулі пасля сябе неандэртальцы. Дагэтуль было вядома пра адзін артэфакт дадзенай культуры на Беларусі, гэта скрабло з урочышча Красная горка пад Абідавічамі Быхаўскага раёна. Крэмень з Клеявіч пэўны час таксама прэтэндаваў на прыналежнасць да неандэртальскай спадчыны.
Узнікненне Шклова
Горад тры разы пераязджаў. Гэтым разам спрэчка разгарнулася вакол таго, ці можна менавіта археолага Вольгу Ляўко лічыць адкрывальніцай Шклова-2. «А куды падзець вынікі вывучэння шклоўскай мінуўшчыны даследніцай Марыяй Тапольскай, ці шклоўскага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны?» – пыталіся апаненты.
Генацыд беларускага народу
Праблеме генацыду беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны было прысвечана як мінімум тры даклады. Асабліва шмат пытанняў задалі прадстаўніку пракуратуры, які распавёў пра вядзенне справы ў пошуку злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Большасць знаходак новых пахаванняў тычылася знішчэння яўрэяў і цыганоў. Узнікла пытанне, якое вылілася ў дыскусію: «Што разумецца ў юрыдычным сэнсе пад тэрмінам «беларускі народ»? Уцямнага адказу ад супрацоўніка пракуратуры не прагучала.
Якім быць музею на Буйніцкім полі?
Дырэктар музею Віктар Аненкаў распавёў пра планы стварэння музею вайны. На Буйніцкім полі плануецца размясціць 15 умоўных раздзелаў ад даваеннага да сучаснай пошукавай працы.
Будучы музей дакладна не будзе філіялам нацыянальнага музею Вялікай Айчыннай вайны. Ён будзе або гарадскім, або абласным музеем. Гэтае пытанне яшчэ вырашаецца.
Магілёў вачыма замежных спецыялістаў
Ігар Пушкін распавёў, якім уяўляўся Магілёў замежным спецыялістам у 1970-я гады. Многіх прысутных уразіла, што горад тады падаваўся замежнікам поўным злодзеяў і жанчын лёгкіх паводзін. Яшчэ аказалася, што нават многія краязнаўцы прызабылі, што 1970-1980-я гады былі гадамі татальнага савецкага дэфіцыту тавараў, а замежныя спецыялісты гэта добра адлюстроўвалі.
На форуме краязнаўцаў прагучала шмат іншых цікавых фактаў і высноў. Жывы смелы характар абмеркаванняў адрозніваў гэтую канферэнцыю ад многіх іншых досыць сумных задужа акадэмічных навуковых форумаў.