Пабывалі на дзяржаўным маркеце і паказваем вам асартымент і кошты.
Але пачнем з месца размяшчэння гандлёвага аб’екта, пра стварэнне якога ўжо пісалі mogilev.media. Нагадаем, па рашэнні беларускага ўрада па ўсёй краіне ствараецца сетка дзяржаўных гандлёвых аб’ектаў, на якіх беларускія лясгасы будуць прадаваць сваю прадукцыю па нізкіх коштах.
Месца размяшчэння аб’екта цяжка назваць стопрацэнтна ўдалым. Ён знаходзіцца на вуліцы Пысіна ў Магілёве – едучы па праспекце Міру ў бок Мінскай шашы, за “Шагавітай” паварочваем налева і яшчэ раз налева, у бок чыгункі. Гандлёвы аб’ект ад лясгасаў (а ніякай брэндавай назвы для гіпермаркета яшчэ не прыдумалі) размясціўся далёка ад цэнтра, а таксама ад іншых маркетплэйсаў, арыентаваных на будаўніцтва і рамонт, такіх як “Строймаркет” і Быхаўскі рынак. Пагэтаму цяжка разлічваць на тое, што па гэтым спецыфічным гіпермаркеце будуць гуляць натоўпы пакупнікоў, прыглядаючы сабе рамесніцкія вырабы з дрэва, венікі, табурэты, дровы.
У прынцыпе, такі выбар месца размяшчэння, не такі ўжо дрэнны, паколькі гэта спецыялізаваны аб’ект. Ездзяць жа людзі за цэглай на самы край горада, на завод КСВ. Галоўнае кошты, а калі яны сапраўды акажуцца самымі нізкімі па горадзе, то свой пакупнік тут будзе заўсёды. Іншая справа, што калі б падобны маркет арганізоўваў прыватнік, то наўрадці ён бы надзяляў увагу неабавязковым таварам накшталт рамесніцкіх вырабаў, альбо гатовай секцыі для забора – людзі будуць прыяжджаць не за гэтым.
Што да асартымента. Гандлёвы аб’ект уяўляе сабой велічэзны склад пад адкрытым небам – і гэтае рашэнне крыху бянтэжыць, бо дрэва будзе набірацца вільгаці, цямнець на сонечных промнях. Але, напэўна, супрацоўнікі лясгасаў ведаюць, што робяць.
На аб’екце сотні метраў стэлажоў з самымі разнастайнымі дошкамі – абразнымі, шалёвачнымі, для падлогі, пад плінтус. А таксама прадстаўлены гатовыя канструкцыі – туалет, арэлі, альтанка, гатовы летні домік за 31 000 рублёў.
Кошты. Мы ўзялі адну тыпавую дошку з усяго асартыментнага багацця і параўналі яе па цане з аналагічнымі варыянтамі. Дошка трэцяга гатунку ў 22 міліметра таўшчынёй і 100 ўшыркі, пры даўжыні амаль у чатыры метры, каштуе 3 рублі 49 капеек за штуку, і крыху больш за 400 рублёў за кубаметр.
Для параўнання, вось тут аналагічная дошка прапануецца па коштах ад 500 да 850-ці рублёў – відаць, у залежнасці ад гатунку і драўніны.
Як бачым, менавіта па кошце за асноўны тавар лясгаснага гіпермаркета, ён мае канкурэнтныя перавагі. Ці будзе гэтага дастаткова, каб аказаць сур’ёзны ўплыў на рынак піламатэрыялаў – час пакажа.
Фота: mogilev.media