На сайце дзяржзакупак з’явілася інфармацыя пра тэндэр, абвешчаны клімавіцкім прадпрыемствам “Камунальнік”. У спісе меркаваных закупак – па некалькі соцень саджанцаў самшыту, кізільніка бліскучага, барбарысу. Таксама плануецца закупіць саджанцы каштану, фарзіцыі, пузыраплодніка, рабіны, сасны і іншых раслін, прызначаных для азелянення тэрыторый і стварэння жывых агароджаў. Усяго ў плане 15 пазіцый, праўда, некаторыя чамусьці паўтараюцца двойчы.

Верагодна, гэтая закупка ажыццяўляецца ў адпаведнасці са стратэгічнай экалагічнай ацэнкай, праведзенай у Клімавічах у 2024 годзе, у выніку якой былі вызначаныя мерапрыемствы па азеляненні горада, абазначаныя асноўныя ўчасткі існуючых і перспектыўных зялёных насаджэнняў горада. Адметна, што гэтая ацэнка ўвязвае насаджэнні з планам размяшчэння ў горадзе помнікаў культуры і архітэктуры.
Фота: “Родная ніва”, архіўнае