Распачынаюцца «Ночы музеяў». Прапануйма вандроўку па невядомым Магілёве (шмат фота)

Сёлета ў Магілёве будзе дзве «Ночы музеяў», але кожная завершыцца вечарам.

20 мая свае праграмы прадставіць абласны краязнаўчы музей, мастацкі музей Масленікава і Музей гісторыі Магілёва. 21-га, музычную і экскурсійную праграму прапануе музей Бялыніцкага-Бірулі. Усе імпрэзы завершацца да 23.30.

Прапануйма ў якасці бясплатнай альтэрнатывы – шпацыр па малавядомым, малавывучаным мясцінам гораду.

 

Перліна ў архітэктурнай калекцыі Магілёва

Мала хто ведае, што ў самым цэнтры Магілёва ёсць закуткі, якія ад вачэй штодзённых сузіральнікаў схавалі помнікі гісторыі і архітэктуры з самабытным каларытам і ўнікальнай эстэтыкай.

Пачнем наш шпацыр ад вуліцы Першамайскай. За былым «Тэатральным» магазінам, у двары дому №12 стаяць тры невыразныя дамкі.

Помнікам архітэктуры з’яўляецца толькі адзін з іх, №6. Ён пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя як даходны дом па Пішчыкавым завулку і належаў Ліўшыцу. Суседні дом, №4 знеслі, але ён адноўлены ў першапачатковых прапорцыях і аб’ёме. Узведзены дом на Першамайскай фактычна адрэзаў мясцінку ад людных вуліц.

Наступны дом – сапраўдная перліна ў архітэктурнай калекцыі Магілёва. Пра яго ведаюць хіба абазнаныя адмыслоўцы. Каб знайсці яго, трэба абмінуць школу №2 справа і спусціцца ў бок Дубравенкі.

Даходны дом Брука ўзвялі ў канцы ХІХ стагоддзя на Макавецкім завулку. Тут размяшчаліся гасцініца «Залаты Якар», уладальнікам якой быў мешчанін Цыўкін. Месцілася тут і слясарная майстэрня Зігмана. Жылі у ім дактары, акушэркі, памочнік прысяжных павераных. Пасля 1917 году ўлада бальшавікоў дом нацыяналізаванала пад свой партыйны камітэт.

Архітэктурная элегантнасць вылучае дом ад іншых тутэйшых пабудоў. У будні, калі працуе размешчаны ў ім цяпер медыцынскі цэнтр «Элізабет», падышоўшы да будынку ўшчыльную, можна пабачыць, напрыклад, арыгінальную вінтавую лесвіцу з левага тарца.

 

«У арла ацалела толькі адна галава»

Вяртаючыся да Камуністычнага завулка, не прамініце дом №3 па гэтым завулку. Ён быў пабудаваны ў стылі эклектызму ў пачатку ХХ стагоддзя як даходны дом на скрыжаванні Пішчыкава і Макавецкага завулкаў.

Задні фасад будынку дэманструе нам арыгінальную кладку. Галоўны фасад вылучае ўтульная зашклёная тэраса.

Кіруючы з Камуністычнага завулка ў паўночны бок, на 2-гі Круты завулак, звярніце ўвагу на будынак ля «Чырвонай зоркі». Цяпер у ім месціцца міліцэйская ўстанова.

Былы будынак пансіёна Бельскай узведзены ў 1888 годзе, пра што сведчаць лічбы на франтоне. Каваны кансольны навес пад ім мае эмблему двухгаловага царскага арла. Вясной 1917-га з галоў арла сарвалі карону, але птушку не кранулі. Часовы ўрад Керанскага планаваў пакінуць герб краіны ў такім урэзаным выглядзе, але, у арла ацалела толькі адна галава.

Будынак па няцотным баку 2-га Крутога завулку мог бы стаць цудоўным дапаўненнем да спісу гарадскіх помнікаў, але не быў уключаны ў яго своечасова.

Першую мясцовую электрастанцыю пабудавалі ў 1910 годзе на тэрыторыі так званых «гарэлых казармаў». Будынак неаднаразова перабудоўваўся, а цяпер у занядбанні.

Як сімвал надыходу навукова-тэхнічнага прагрэсу ён важны для гораду, але заняпалы стан і знаходжанне ў гарадскім цэнтры вымушаюць непакоіцца за лёс гэтай каржакаватай і прыгожай у сваёй брутальнасці будыніны.