Расійскае мінабароны паказала на відэа знішчэнне ўкраінскіх “Леапардаў” але гэта аказаліся камбайны

Расійскае мінабароны паказала на відэа знішчэнне ўкраінскіх “Леапардаў”, але гэта аказаліся камбайны

Міністэрства абароны Расіі паказала відэа знішчэння замежнай бронетэхнікі, у тым ліку танкаў Leopard – гаворыцца ў паведамленні інфармацыйнага агенцтва “РИА Новости”.

На апублікаваных кадрах можна пабачыць некалькі паўразмытых сілуэтаў тэхнікі на полі. На відэа на адну з машын наводзіцца аператар супрацьтанкавай кіраванай ракеты і падрывае яе. 

Даследчыкі і ваенкоры, у тым ліку расійскія, паднялі на смех апублікаваныя кадры – сілуэты “Леапардаў” аказаліся камбайнамі маркі John Deere.

“Гэта амерыканскія збожжаўборачныя камбайны John Deere 9000 і 700 серый. –  піша Тэлеграм-канал “Военный Осведомитель” – А таксама трактар-апырсквальнік John Deere 4830. Гэта тэхніка даволі папулярная на тэрыторыі Украіны.

“Да апублікаваных сёння кадраў з нібыта паражэннем танка Leopard 2 адразу ўзнікла шмат пытанняў. – пішуць аўтары Тэлеграм-канала “Рыбарь” – Уважлівыя карыстальнікі заўважылі, што знішчаная машына куды больш падобная на камбайн John Deer 4830.

І сапраўды, калі павялічыць кадр, то ў контурах аб’екта можна разгледзець нешта падобнае да сельгастэхнікі. У абрысах вылучаюцца колы, а “ствол” нагадвае шнек. Ды і сам экіпаж у перамовах не называе цэль «Леапардам».”

Фота: “Военный Осведомитель”