Расіяне едуць у Беларусь на закупы рэчаў модных брэндаў, якія сышлі з расійскага рынку.
Тамтэйшыя турфірмы фіксуюць рост заявак на паездкі ў Беларусь і павышаны попыт на туры выхаднога дня і шопінг-туры, у якія выпраўляецца моладзь.
Мясцовыя турфірмы фіксуюць павелічэнне такіх выправаў на ўзроўні 10-15 працэнтаў. Пры гэтым некаторыя аператары заяўляюць аб больш чым 60-працэнтным росце продажаў пуцёвак у беларускім напрамку, піша рэсурс Myfin, спасылаючыся на звесткі асацыяцыі тураператараў Расіі.
Паводле выдання, па сыходзе з Расіі многіх міжнародных брэндаў пачала праяўляцца тэндэнцыя павелічэння выправаў у шоп-туры выхаднога дня ўладальнікаў плацежных карт сістэмы «Мір». У шэрагу беларускіх крамаў можна карыстацца сістэмай мабільных плацяжоў MirPay.
У Беларусь едзе ўсё больш расійскіх падарожнікаў ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 45 гадоў і з высокай плацежаздольнасцю. Попытам карыстаюцца ў пажылых расіянаў беларускія санаторыі.