Нечаканы прыезд амерыканскага прэзідэнта на сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім у сталіцу Украіны ўзарваў сусветную інфармацыйную прастору.
З раніцы 20 лютага ў украінскай інфармацыйнай прасторы пачалі паяўляцца навіны пра магчымы высокі візіт у сталіцу краіны. Агенцтвы здзіўляліся перакрыццю дарог у Кіеве, звязвалі гэта з прыездам прадстаўнікоў ізраільскага парламента, хоць некаторыя журналісты намякалі на самых нечаканых гасцей. А аднымі з першых пра візіт Джо Байдэна ва Украіну паведамілі журналіст і адвакат Марк Фейгін а таксама карэспандэнт Bild Юліян Ропке.
Джым Ла Порта з Rolling Stone са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што прыезду Байдэна папярэднічаў цэлы “масіў планаў” што да яго паездкі ва Украіну. Так, прапрацоўвалася сустрэча Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага на украінска-польскай мяжы, альбо ў Львове.
Аднак, як паведамляецца, Байдэн настойваў на тым, каб ён наведаў менавіта ўкраінскую сталіцу, якая стала сімвалам супраціву расійскаму ўварванню падчас бітвы за Кіеў у першыя тыдні вайны, калі Расія спрабавала захапіць горад.
Сімвалічным таксама з’яўляецца дзень візіта – 20 лютага ва Украіне адзначаецца гадавіна масавага расстрэлу на Майдане – Дзень Нябеснай сотні.
У заяве Белага дома гаворыцца, што Байдэн знаходзіцца ў Кіеве, каб пацвердзіць «непахісную і нязменную прыхільнасць Амерыкі дэмакратыі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».
Белы дом заявіў, што Байдэн абвесціць аб чарговай пастаўцы абсталявання ва Украіну, у тым ліку артылерыйскіх боепрыпасаў, бранябойных сістэм і радараў паветранага назірання, і што пазней на гэтым тыдні ён абвесціць аб дадатковых санкцыях супраць кампаній, звязаных з ваеннай машынай Расіі – піша The Guardian.
Фота: Dimitar Dilkoff/AFP/Getty Images