Знаёмімся са старымі назвамі сённяшняга Слаўгарада, а таксама мінуўшчынай горада, што шчыльна знітавана з найменнямі раённага цэнтра.
Здавалася б, сённяшні невялічкі раённы цэнтр Слаўгарад нічым асабліва непрыкметны, але калі глыбей капнуць гісторыю старадаўняга паселішча, то можна знайсці масу цікавостак. Прычым адметнасць і ўнікальнасць горада схаваная нават у старой яго назве – Прапойск.
Дзясятак найменняў горада
Летапісны Прапойск першапачаткова ва Устаўной грамаце 1136 г. смаленскага князя Расціслава Мсціславіча называецца Прупой. Магчыма, назва Прупой абазначала хуткае цячэнне р. Проня пры ўпадзенні яе ў Сож, бо горад якраз стаіць на высокім правым яе беразе.
У гістарычных дакументах сустракаецца назва Прапошаск (Пропошеск), а таксама і іншыя яе формы: Пропышеск, Пропашеск. І гэта яшчэ не ўсё. На старых картах і ў старых дакументах фіксуюцца наступныя напісанні назвы ўсходнебеларускага горада: Пропостк, Пропостес і нават Пропорск.
Мясцовае вымаўленне назвы горада ў ХІХ стагоддзі запісалі этнографы і самі прапайчане ў сваіх прашэннях. Прычым запісы фіксуюць яшчэ і іншыя варыянты вымаўлення сённяшняга Слаўгарада – Пропольск, Прополск.
Такім чынам, на працягу гісторыі формы наймення гэтага горада былі розныя, але аднакарэнныя. Вось яшчэ якія варыянты назвы захаваліся ў мясцовых гаворках: Прупоў, Прупойск, Прапуйск, Прапосіск, Прапошыск, Прапоськ, Прапось, Прапосік, Прапойсік, Прапойсык, Прапойсак, Прапойісык, Прапольск, Прапоськ. Напрыклад: “Пайшоў у Прупой і пацулуваў у прабой”.
У сваю чаргу жыхароў старадаўняга горада называлі наступным чынам: прапойскія людзі, прапойсцы, прапосцы, прапасцы.
Загадкі старадаўняй назвы
Даследчыкі вытлумачваюць назвы горада Прапойска і яго шматлікій аднакарэнных варыянтаў ад слова “пропасць”. Атаясамленне Прапойска с “пропасцю” звязана з гістарычнай назвай рэчкі Проня – Пропасць. Між іншым найменне Пропасць адпавядае сутнасці ракі, бо на ёй было шмат віроў і дно небяспечнае, зменлівае.
Таксама словам “прапой” (прупой) у ранейшыя часы называлі віры ў зліцця рэк, а Слаўгарад пачаўся на высокім пагорку ля зліцця ракі Проні з Сожам, адсюль і назва, якая мела сэнс “каля моцнага віра на зліцці рэк”.
Ёсць і легендарныя вытлумачэнні назвы старадаўняга Прапойска. Адзін з варыянтаў народнай этымалогіі назвы горада палягае ў тым, што прапойскія землі заўсёды станавіліся пропасцю (г.зн. сустракалі тут свой канец) для усіх варожых войскаў, якія прыходзілі ў гэты край.
Паводле другога падання, назва Прапойск паходзіць ад слова “пропуск”, гэта тлумачыцца тым, што на Проні, каля вёскі Чырвная Слабада і ніжэй Прапойска, на Сожы, каля Гайшына, ёсць брады. Па іх у Вялікую Айчынную вайну, у час вайны са шведамі і французамі войскі нібыта пераходзілі гэтыя рэкі.
Як прапівалі Прапойск
У пачатку ХІХ стагоддзя Прапойск разам з суседнімі вёскамі належаў Дзмітрыю Яншыну, які меў вялікія багацці. Яншын быў чалавек адукаваны, любіў выяўленчае мастацтва і музыку і быў знаўцам у іх. Быў добры, дабрачынны, але нягледзячы на велізарныя багацці, не ўмеў справіцца з нястрымнасцю шырокай натуры, з цягай да бляску і раскошы, з бязмежнай дабрачыннасцю.
Пышныя палаты яго змяшчалі скарбы: бібліятэку, карцінную галерэю, мармуровыя і мазаічныя вырабы, каштоўныя антычныя бронзы і тысячы розных прадметаў, якія шмат каштавалі, але не мелі пэўнага прызначэння. У прапойскія ўладанні з’язджаліся аматары гулянак з розных блізкіх і аддаленых месцаў Расійскай імперыі. Піры і абеды ва ўладаннях Яншына карысталіся гучнай папулярнасцю, бо на іх былі розныя гастранамічныя дэлікатэсы.
Пры гэтым дабрачыннасць Яншына не мела межаў. Многія злоўжывалі яго дабрынёй, бо пад п’яную руку ён дарыў багацці людзям, якія зусім таго не вартыя. Аднойчы прыезджы вершатворца, падчас гулянкі, па жаданню гаспадара застолля прамовіў экспромтам чатырохрадкоўе:
Не Димитрий ты Донской,
И не Дмитрий Самозванец;
Но Димитрий Пропойской,
Словом – пьяница из пьяниц.
Гэтыя вершаваныя радкі так спадабаліся Яншыну, што ён адразу падараваў іх аўтару цэлую вёску. Вядомаму польскаму пісьменніку Юзафу Быхаўцу, які доўга ў яго гасціў, падараваў на развітанне пятнаццаць тысяч рублёў. Так усё пакрысе пайшло прахам і шматмільённае багацце Яншына, а сам ён памёр на саломе.
Чаму змянілі старадаўнюю назву
Знакаміты савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў таксама вельмі просталінейна чытаў найменне горада і напісаў у 1943 годзе невялікі верш, прысвечаны назве Прапойска – «Сказка о городе Пропойске». Назву Сіманаў патлумачыў наступным чынам:
Должно быть, название это
Недаром Пропойску дано,
Должно быть, и зиму и лето
Там пьют беспробудно вино.
Калі ў 1945 годзе паўстала пытанне пра наданне назвы воінскаму падраздзяленню, якое вызначылася ў баях за Прапойск, то савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай для салдат. Па гэтай прычыне горад перайменавалі ў Слаўгарад.
Так горад згубіў сваю ўнікальную, хоць для кагосьці і немілагучную назву. Цікава, што назва Прапойск была адзіная такая ў свеце, і адлюстроўвала старадаўнюю гісторыю паселішча і тутэйшы рэльеф мясцовасці, у той час як найменне Слаўгарад не ўнікальнае. Паселішча з такой жа назвай існуе ў Алтайскім краі ў Расійскай Федэрацыі. Апроч таго, аднайменныя сяло і мястэчка ёсць на ўсходзе Украіны.
Фота з адкрытых крынiц