Фільм пра Праведнікаў Народаў Свету задумваўся ў Бабруйску гадоў сем таму. На сёння жывымі засталіся толькі трое Праведнікаў.
У жніўні пачаліся здымкі дакументальнага фільма “Алея Праведнікаў”, які абапіраецца на рэальныя глускія і бабруйскія падзеі ў гады Другой сусветнай вайны. Для збору матэрыялаў на Магілёўшчыну прыяжджалі ўдзельнікі здымачнай групы, якія сустрэліся з удзельнікамі трагедыі мінулага стагоддзя.
У трох навелах будзе расказана пра Праведнікаў Надзею Абрамовіч і яе бацькоў Марыю і Антона Мароз, пра Ніну Якаўлеўну Лысюк, Любоў Міхайлаўну Волчак і яе маці Надзею Архіпцаву. А таксама пра людзей, якіх яны ратавалі, рызыкуючы ўласным жыццём, жыццём членаў сям’і.
У Глуску, як паведамляе сайт газеты “Радзіма”, дагэтуль пражывае Праведніца народаў свету Любоў Волчак. Тры гады акупацыі яна і яе маці Надзея Архіпцава, нягледзячы на смяротную небяспеку ратавалі, схаваўшы ў сябе ў доме, габрэйскую дзяўчынку. Гэты сюжэт неверагоднай ахвярнасці і лёг у аснову адной з трох навэл будучага фільма.
У Глуску рэдактар часопіса “Мішпоха” Аркадзь Шульман і іншыя стваральнікі фільма не толькі сустрэліся з Любоўю Міхайлаўнай, але і наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, Мыслачанскую гару – месца масавага расстрэлу мірных грамадзян, яўрэяў. Таксама, іншыя месцы болю і смутку.
Здымаецца дакументальнае кіно з ініцыятывы былога бабруйчаніна Льва Логінава, які вырашыў прафінансаваць фільм пра Праведнікаў Народаў Свету ў памяць пра свайго дзеда Меіра Зелігера. Ён быў вядомы тым, што пасля вайны займаўся пошукам парэшткаў закатаваных нацыстамі яўрэяў і іх перазахаваннем у Бабруйску. Многія бабруйчане сталі яго добраахвотнымі памочнікамі. Грамадзяне хадзілі па месцах масавых расстрэлаў габрэяў, збіралі і выкопвалі іх парэшткі і перазахоўвалі на могілках.
Трагічныя і гераічныя старонкі мясцовай гісторыі будуць захаваныя ў кіновобразах. Адначасова ў Ізраілі іншая дакументаліст, Мая Казакевіч запісала інтэрв’ю з Рахель Іомдзін і Іосіфам Баршаем – дзецьмі выратаваных Праведнікамі з Магілёўшчыны Бэлы і Міхаіла Баршёў.
Прэм’ера фільма прызначана на лістапад у бабруйскім кінатэатры “Товарищ”. Плануецца паказ кінастужкі па тэлебачанні Ізраілю.