Пра планы пабудовы на Буйніцкім полі пад Магілёвам новага музейнага комплексу ў 2023 – 2024 гадах мы нядаўна паведамлялі. Аналізавалі таксама, што ў выніку рэалізацыі праекту ў такім выглядзе, як гэта падаюць чыноўнікі і праўладныя гісторыкі музейны комплекс стане месцам паказнога патрыятызму з ідэалагізаванай экспазіцыяй, засяроджанай на тэме рускай зброі.
Экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі
Да 23 чэрвеня Магілёўскі райвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне праекту будучага музею. Прыкмет прафесійнага, узважанага і зацікаўленага абмеркавання гэтага безумоўна важнага праекту, на старонках галоўных інфармацыйных рэсурсаў Магілёўшчыны намі выяўлена не было. А, абмяркоўваць сапраўды ёсць што.
Было б цікава прааналізаваць меркаванні спецыялістаў, як варта арганізаваць праблему ўзаемадзеяння наведніка з музейнай экспазіцыяй – адну з цэнтральных праблем у сучасным музеязнаўстве.
Савецкія салдаты аглядаюць падбітую нямецкую тэхніку на Буйніцкім полі
Размяшчэнне музею непасрэдна на месцы вядзення баявых дзеянняў падштурхоўвае да думкі, што экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі. Гэта дало б магчымасць на дакументальнай аснове рэканструяваць рэальную баявую абстаноўку і жыццёвы свет чалавека, які апынуўся па Буйніцкім полі 11 ліпеня 1941 года.
Мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыю вольнай ад ідэалагічнага пафасу
Нам прыйшлося пашукаць, каб выявіць прыкмету хоць нейкага абмеркавання праекту новага музею на старонках «Прыдняпроўскай нівы». Але, лепш слова «абмеркаванне» тут узяць у двукоссі.
Матэрыял, апублікаваны на сайце выдання не мае прыкмет дыскусіі. Усе ўдзельнікі апытання паўтараюць адзін за адным наборы фраз з клішэ і штампамі.
Дадаюць яўнае перабольшванне – так, старшыня ветэранскай арганізацыі Магілёўскага раёну Віктар Пінчук выказаўся, што пад Буйнічамі чырвонаармейцы і народнае апалчэнне сарвалі бліцкрыг. Заўважым – калі б бліцкрыг быў сарваны менавіта пад Буйнічамі, нямецкай арміі не ўдалося б дайсці да Масквы.
wikimedia.org
«Новы музей знойдзе вялікі водгук у сэрцах жыхароў і гасцей Магілёва, стане яшчэ адным знакавым месцам памяці і славы, сімвалам гонару і яднання». – кажа вучаніца 8 «Б» класа Раманавіцкай школы, Настасся Жданко.
«Музей на Буйніцкім полі стане сэрцам мемарыяльнага комплексу, цэнтрам патрыятычнага выхавання насельніцтва і наглядным увасабленнем памяці, якую захаваюць будучыя пакаленні». – працягвае Вячаслаў Арлоўскі, дырэктар школы ў Вендаражы.
Як бачым з характару выказванняў, у магілёўцаў вельмі мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыя якога была б вольнай ад ідэалагічнага пафасу і патрыятычнага ўгару. Вольнай – каб даць месца рэальным людзям у іх непасрэдным жыццёвым свеце.