На месцы бітвы пад Магілёвам сабраліся чыноўнікі, «казакі», актывісты прарасійскіх арганізацыяў. Запрасілі праваслаўнага святара.
120 гадоў таму ля прыгараднай Магілёўскай вёскі Салтанаўкі французскі генерал Луі Нікаля Даву разбіў расійскае войска, якім камандаваў Мікалай Раеўскі. Праз сто год на месцы бітвы, у 1912-тым, узвялі часоўню ў памяць аб загінулых рускіх салдатах. Расіяне стараюцца не гаварыць пра паразу і акцэнтуюць увагу на гераізме продкаў.
18 жніўня ля часоўні сабраліся чыноўнікі, асобы апранутыя ў казацкае, актывісты прарасійскіх арганізацыяў ды масоўка, якой раздалі расійскія сцяжкі. На імпрэзе была і афіцыйная беларуская атрыбутыка.
Афіцыйна мерапрыемства падавалася, як Дзень памяці да чарговай гадавіны бітвы паміж рускім і напалеонаўскім войскамі. Яго арганізатарамі выступілі Магілёўскі райвыканкам, аб’яднаньне «Патриоты Беларуси», а таксама прадстаўніцтва «Россотрудничества».
У публікацыі магілёўскай раёнкі дзейства пад Магілёвам названае «празднованием», якое было прысвечанае «памяці рускіх воінаў, якія загінулі 12(13) ліпеня 1812 года ў бітве з французамі пры Салтанаўцы».
Звяртае на сябе ўвагу ўдзел у арганізацыі імпрэзы аб’яднання «Патриоты Беларуси». Гэтая арганізацыя не часта ўсплывае ў медыйнае прасторы. Найчасцей фігуруе праўладны БРСМ.
«Патриоты Беларуси», як адзначана на іхным сайце, афіцыйна пачалі сваю працу ў снежні 2020 года. Гэта значыць, па здушэнні актыўнай фазы грамадскага пратэсту, выкліканага прэзідэнцкімі выбарамі. Дэклараваныя мэты арганізацыі гучаць, нібы, прабеларускія: «пабудова незалежнай квітнеючай Беларусі», аб’яднанне грамадзянаў Беларусі на аснове патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускага народу, яго культурных традыцый і гістарычнага лёсу. А яшчэ гэта арганізацыя ставіць за мэту «імкненне да захавання суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы».
Удзел “Патриотов Беларуси” ў імпрэзе, якая прарасійская сваёй сутнасцю, дэманструе, хто яны ёсць насамрэч.
На беларускіх землях, акупаваных расійскай імперыяй у выніку падзелу Рэчы Паспалітай, не хавалі сваіх сімпатыяў да Напалеона і спадзяваліся на адраджэнне дзяржавы двух народаў. Багата беларусаў ваявала на баку французаў супраць расійскіх войск.
У Магілёве праваслаўны арцыбіскуп Варлаам 14 ліпеня 1812 года ў кафедральным саборы прысягнуў на вернасць Напалеону і загадаў зрабіць гэта духавенству епархіі. Дзве траціны святароў падпарадкаваліся.
Па вяртанні ў Магілёў расійскай улады Варлаама адхілі ад арцыбіскупства і саслалі ў манастыр. Замест яго паставілі святара з Разані.
фота: pniva.by