Імправізаваныя гандлёвыя рады захапілі не толькі вуліцу Ціміразеўскую, на якой размешчаны рынак, але і суседнюю Першамайскую. Людзі прадаюць вырашчаную на сваіх палетках садавіну і гародніну, а таксама сабраная ў лесе грыбы ды ягады. Па колькасці тавару бачна, што ўсё гэта ўрадзіла.
Гараджане адзначаюць, што на прылеглай да рынку мясціне няма міліцэйскіх нарадаў, якія разганяюць у іншыя дні гандляроў. Расклееныя тут абвесткі папярэджваюць аб адміністрацыйнай адказнасці за гандаль у нявызначаным месцы.
Сярод гандляроў пераважаюць пенсіянеры. На прынесеных з сабою ўслончыках, ці сканструяваных на месцы лаўках, сядзяць і маладзейшыя іх калегі. Твары ўва ўсіх стомленыя, а ў вачах мальба да мінакоў, каб тыя чаго купілі.
Адзначыць Мядовы спас, асвяціўшы харчы, ля тутэйшай царквы сабралося багата праваслаўных вернікаў. Гандляры ля рынку і грамада ля бажніцы ажывілі цэнтр Магілёва ў выхадны дзень. Гараджане заўважаюць, што супрацоўнікі міліцыі назіраюць за абстаноўкай, але не ўмешваюцца ў гарадское дзейства, бо свята ж.