У Магілёве пенсіянер пракалоў колы аўтамабілю мясцовай жыхаркі, прыняўшы яго за машыну нейкага чужака. У Бабруйску аўтаўладальніка прымусілі пакінуць парковачнае месца – бо не ён яго чысціў.
Зімовае снежнае надвор’е нярэдка абвастрае канфлікты ў дварах шматкватэрных дамоў. Уласнікі аўто нярэдка мяркуюць, што пачысціўшы ад снегу парковачнае месца, яны маюць маральнае права на прыярытэт, каб ставіць на вызваленым месцы свой аўтамабіль. Характэрны выпадак адбыўся ў Бабруйску.
Былы жыхар Бабруйска прыехаў у горад на Бярэзіне ў госці да родных – расказвае яго гісторыю рэсурс komkur.info. Аднак, не паспеў мужчына адпачыць з сваякамі, як запрацавала сігналізацыя на яго аўто. Каля машына стаяў незнаёмы чалавек і настойліва патрабаваў ад госця перапаркавацца. Аказваецца, ён ачысціў гэтае месца ад снегу для сябе і пазначыў яго старой пакрышкай. Маўляў, на такія месцы ніхто не можа паркавацца з прыежджых. Госць падпарадкаваўся патрабаванню, піша “Камерцыйны кур’ер”.
Выданне суправаджае гэтую гісторыю ілюстрацыйным фотаздымкам з вуліцы Лынькова ў Бабруйску. На ім бачна, што аўтаўладальнікі горада нярэдка пазначаюць калёсамі “свае” парковачныя месцы. Паводле заканадаўства гэта недапушчальна – у адпаведнасці з Кодэксам аб зямлі, прыдваравая тэрыторыя з’яўляецца зямлёй агульнага карыстання. Зямлі агульнага карыстання не падлягаюць прадастаўленню ў прыватную ўласнасць або замацаванню за пэўнай кватэрай, аўтамабілем.
Падобны выпадак, але з больш жорсткімі наступствамі, адбыўся ў Магілёве. Тут 78-гадовы пенсіянер проста пракалоў калёсы ў незнаёмым аўто. Як паведамляе звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал, мужчына потым растлумачыў, што раней гэтую машыну ў сваім двары ён не сустракаў, таму вырашыў “адзначыць” чужака. Машына ж, як высветлілася, належыць 36-гадовай мясцовай жыхарцы. Супраць пенсіянера заведзена крымінальная справа.
Фота: komkur.info