Сканаў актор пасля працяглай хваробы на 86-ым годзе жыцця.
Рэгімантас Адамайціс сыграў зняволенага партызана ў стужцы «Усходні калідор», знятай на «Беларусьфільме» у 1966 годзе.
«Калі напраўду, то тую ролю занесці ў актыў не змагу. Усё ж такі не мой тыпаж, напэўна», – прызнаўся ён у адным з інтэрв’ю.
Прэм’ера фільму адбылася ў 1968 годзе і неўзабаве яго знялі з пракату.
Рэжысёр Валянцін Вінаградаў згадваў, што карціна партыйнаму кіраўніцтву не спадабалася, бо ў ёй, акрамя іншага, гаварылася пра габрэяў.
Сцэна іх утаплення ў рацэ стала эмацыйнай кульмінацыяй фільму. Гучала малітва на іўрыце і маналог на ідышу, што было нечуваным прэцэдэнтам для савецкага кіно 1960 году.
Рэгімантас Адамайціс нарадзіўся ў Шаўлі, потым жыў у Пасвалісе, скончыў Фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту, пазней, у 1959–1962 гадах, вучыўся ў Віленскай кансерваторыі, цяперашняй Літоўскай акадэміі музыкі і тэатру, на Кафедры акторскага майстэрства.
Ён быў акторам тэатру і кіно Літвы. У 2014 годзе атрымаў Літоўскую нацыянальную прэмію ў сферы культуры і мастацтва.
Старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Рамуціс Рымейкіс кажа, што Рэгімантас Адамайціс быў таленавітым, сумленным чалавекам. Светачам і пуцяводнай зоркай у тэатры.
Адамайціс, па словах Рамуціса Рымейкіса, пакутаваў на анкалагічнае захворванне ад якога і памёр.
фота: © DELFI / Josvydas Elinskas