Прычым гэта была ўжо другая спроба пасадзіць парк. Падчас першай яго з’елі козы.
На пустыры каля возера ў раёне вуліц Кавалёва і Сормаўскай ужо неаднаразова спрабавалі высадзіць саджанцы ліпы і бярозы, каб стварыць паркавую зону. Але кожны раз беспаспяхова – піша “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
Пяць гадоў таму саджанцы ліпы тут высаджвалі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама. Аднак сюды прызвычаілася вадзіць пасвіцца свой статак коз мясцовая жыхарка з дому непадалёк. Жывёлы аб’елі парасткі і яны засохлі.
Увосень 2021 года мясцовы жыхар Віктар Раманаў, кіраўнік грамадскага аб’яднання, паспрабаваў высадзіць парк у другі раз – саджалі ліпу і бярозу. “Прыкладна праз тыдзень пасля пасадкі, некалькі дзясяткаў саджанцаў былі вырваныя з каранямі. – распавёў выданню Віктар Раманаў – На наступны год на месцы пасадкі засталося каля 10 саджанцаў, астатніх нават выдранымі не аказалася.”
Сёлета з тых дзесяці, што выжылі, палову проста скасілі падчас чарговага абкосу дарожных узбочын.
Намеснік старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Дзмітрый Клімянкоў выказаў таксама здагадку, чаму маглі быць павыдзіраныя саджанцы 2021 года.
– З вопыту скажу: часам мы сутыкаемся з тым, што грамадзяне ўносяць прапанову аб азеляненні таго ці іншага ўчастка ў горадзе або іншых населеных пунктах раёна, але, як высвятляецца пазней, у гэтых месцах пралягаюць рознага роду камунікацыі, якія не сумяшчальныя з пасадкамі дрэў. Наколькі мне вядома, у месцы, аб якім ідзе гаворка, таксама пралягаюць лініі сувязі, на вызначанай адлегласці ад якіх не могуць быць пасаджаны і расці дрэвы. Дадзенае патрабаванне павінна абавязкова выконвацца.
Раённае чынавенства паабяцала вызначыцца – ці можна наогул разбіваць парк у раёне возера, і калі можна, то паспрабаваць яшчэ разок наступнай восенню.
Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”