Новы музей на Буйніцкім полі – толькі пра «перамогі рускай зброі»? Пачынаецца грамадскае абмеркаванне канцэпцыі

Народная будоўля запланаваная на 2024 – 2025 гады.

Праект музею баявой славы на Буйніцкім полі пакуль існуе толькі ў выглядзе эскізнага рашэння. Ні назвы, ні канцэпцыі экспазіцыі няма. Пачынаючы з 30 мая і па 23 чэрвеня грамадскасці прапануецца прыняць удзел у абмеркаванні будучай экспазіцыі.

Чарговы музейны комплекс з ідэалагічна арыентаванай экспазіцыяй

У каментары агенцыі БелТА галоўны інжынер «Магілёўграмадзянпраекта» Кірыл Гаршкоў паведаміў, што агульная плошча музею будзе складаць каля 4,5 тысяч квадратных метраў. У ім размесцяцца велізарная выставачная зала ў самым цэнтры канструкцыі, тры экспазіцыйныя зоны, кавярня.

Паводле праекту будынак мае форму зоркі, – кажа Кірыл Гаршкоў. – Для магілёўскай вобласці музей стане ўнікальным аб’ектам і па форме, і па канфігурацыі, і па напаўненні.

Прадстаўніца ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкаму Вольга Пішчанка ў інтэрв’ю газеце «Зямля і людзі» удакладняе, што музейны комплекс з вышыні птушынага палёту, паводле аднаго з эскізаў, пабудаваны ў форме ордэна Айчыннай вайны.

Прадметнае напаўненне экспазіцыі пракаментаваў кіраўнік пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. Паводле яго «у музеі-комплексе праз прызму ваенных гадоў будуць паказаны самыя значныя, пераломныя моманты ў гісторыі вобласці, пачынаючы з Паўночнай вайны».

Калі пажаданне гісторыка здзейсніцца, то на Магілёўшчыне з’явіцца чарговы музейны комплекс з ідэалагічна арыентаванай экспазіцыяй.

Паўночная вайна, калі войскі Пятра І спалілі Магілёў. Бой пад Салтанаўкай, калі ўдвая большая расійская армія пацярпела паражэнне ад французскага корпуса Даву.

Гэтыя тэмы прапануецца раскрыць у экспазіцыі нароўні з подзвігам абаронцаў Магілёва ў 1941-м.

 

Буйніцкае поле, ператворанаеў цэнтр пакланення і паказнога патрыятызму

Незразумела, ці будзе ў музеі рэалізаваны ўвесь спектр праяўленняў воінскай славы нашых продкаў. У тым ліку, перамога крылатых гусар над маскоўскімі войскамі падчас Інфлянцкай вайны ў знакамітай бітве пад Магілёвам 1581 года, альбо вікторыя гараджанаў, паўстанцаў 1661 года над прафесійным расійскім гарнізонам.

Буйніцкае поле, ператворанае ўладамі больш у цэнтр пакланення і паказнога патрыятызму, чым у месца памяці, наўрад ці пазбавіцца задушлівых абдымкаў прапаганды і афіцыйнай ідэалогіі.

Нездарма яго развіццё каментуюць чыноўнікі ідэалагічнага, а не музейнага накірунку. Развіццё Буйніцкага комплексу ўжо дзесяцігоддзямі вядзецца не шляхам рэальнай мемарыялізацыі, а дэманстратыўнага акцыянізму.

 

Неўзабаве Буйніцкае поле ператворыцца ў Буйніцкі парк

У гады, калі былі жывыя і актыўныя ветэраны, «поле бою, Буйніцкае поле» – як пісаў пра яго магілёўскі паэт-франтавік Аляксей Пысін – было адзначанае сціплым камянём Сіманава і абеліскам.

Цяпер жа да велічных капліцы з аркай штогод дадаюцца новыя патрыятычныя элементы, пакліканыя ўзмацніць загрувашчаны сімвалізм мемарыяльнай прасторы.

Сюды сагнаная савецкая вайсковая тэхніка. Унікальнаму каманднаму нямецкаму танку разабралі гусеніцу.

Полем немагчыма прайсці, каб не натрапіць на чарговую алею, высаджаную высокапастаўленай дэлегацыяй. Такімі тэмпамі высадкі алей Буйніцкае поле неўзабаве ператворыцца ў Буйніцкі парк.