Новая намесніца старшыні Магілёўскага аблвыканкама па эканоміцы – што пра яе вядома?

Алена Пруднікава-Кірпічонак – эканамістка з Полаччыны, яна аднойчы ўваходзіла ў топ самых прыгожых чыноўніц Беларусі. А таксама, выказвалася, што “людзі павінны разумець, на што трацяцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі”.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка прызначыў на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях эканомікі Алену Пруднікаву-Кірпічонак. Яна замяніла на гэтай пасадзе Руслана Страхара, кар’ерны ліфт якога спусціўся на ўзровень ніжэй.

Пра Алену Пруднікаву-Кірпічонак вядома, што яна пачала сваю працоўную кар’еру як эканаміст “Полацкага камбіната хлебапрадуктаў” у 1998 годзе. Вышэйшую адукацыю атрымала ў недзяржаўным ВНУ – у Беларускім камерцыйным універсітэце кіравання. У 2011 годзе яна скончыла магістратуру Полацкага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай”, а ў 2017 годзе прайшла перападрыхтоўку ў тым жа Полацкім універсітэце па спецыяльнасці “Фінансы”. З 2013 года яна пачала працаваць у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь.

У сваю бытнасць супрацоўніцай міністэрства яна часта наведвала Полаччыну, і падчас адной з такіх паездак, у 2015 годзе, выступаючы перад студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, выказалася наступным чынам, :

– Людзі павінны разумець, на што марнуюцца іх сродкі, якія мы адлічаем як падаткаплацельшчыкі, наколькі эфектыўна яны выдаткоўваюцца, хто нясе адказнасць за наш неэфектыўна выдаткаваны рубель.

кірпічонак
Алена Пруднікава-Кірпічонак у Полацкім універсітэце, 2015 год. Фота: psu.by

З 2017 года Алена Пруднікава-Кірпічонак працавала на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі і каардынацыі дзяржаўных праграм міністэрства эканомікі. У 2019 годзе незалежнае выданне UDF.by нават уключыла прывабную эканамістку ў Топ-13 самых прыгожых беларускіх чыноўніц.

Фота з адкрытых крыніц.