На выходных у Магілёўскай вобласці захаваецца адносна цёплае для лютага і камфортнае па тэмпературах надвор’е, абяцаюць сіноптыкі.
У пятніцу, 10 лютага, прагназуецца раніцай да -5 -3°С, удзень да -2 0°С, уноч да -2°С. Неба будзе пахмурным, магчыма месцамі праясненне, у асноўным без ападкаў, дзе-нідзе магчымы невялікі снег. Вецер паўднёва-заходні і заходні, хуткасцю да 4-5, месцамі да 7 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца.
Яфрэм Сірын. Яфрэм Ветраннік (народны каляндар).
Вецер на Яфрэма – да сырога лета. Яфрэмаў вецер не да дабра.
Дзень (імяніны) добрага духу дома – дамавіка. Згодна з народным павер’ем, дамавік – захавальнік у ночы хлебнага духу ў печы.
Субота, 11 лютага абяцае быць пахмурнай, з невялікім снегам. Раніцай да -2 -1°С, днём прагназуецца тэмператра каля 0°С, уноч каля -2 +1°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. На працягу дня будуць панаваць паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры, хуткасцю да 5-7 м/с, месцамі – да 9 м/с.
Лаўрэн (народны каляндар). На Лаўрэна ведзьмы на палях “заломы” ладзяць. Каб адпудзіць паскуддзе, па кутах поля ўтыкалі чартапалох.
Люты пераменлівы ў гэты дзень: “і цеплынёй прылашчыць, і марозам аддубасіць”.
У нядзелю, 12 лютага, раніцай магчымы тэмпературы да -4°С, удзень каля -3 -2°С, увечары і ноччу да -3°С. На працягу сутак працягнуць панаваць вятры паўночна-заходняга і заходяга напрамкаў, хуткасцю да 3-5 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца. Захаваецца пахмурнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Даўжыня дня вырасла ўжо да 9 гадзін і 35 хвілін.
Дзень трох свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста.
“На трох свяціцеляў нельга прасці”, таму завуць гэты дзень яшчэ і “днём трох свяціцеляў – непрадзільшчыкаў”.
Чырвоны Месяц – на вялікі вецер.
Вецер панёсся – да сырога года.
Прыходзяць зайцы ў сады – будзе люты суровы.
Ваўкі выюць пад жыллём – да будучага марозу.
За суткі да адлігі мышы выходзяць з-пад ляснога подсцілу на снег.
Калі дрэвы пакрыліся шэранню, значыць быць цяплу.
Калі павеяў вецер з поўначы, а хмар няма – быць вялікім халадам.
Калі сонца зімой закотваецца ў хмару – будзе буран.
Снягір рыпіць, значыць будзе снег, завіруха і золь.
Катаклізмы. 12 лютага.
1943 год. На кукурузным полі нараджаецца вулкан Парыкуцін (Мексіка), які да 1946 дасягне вышыні 518 м.
1947 год. У гарах Далёкага Усхода Сіхатэ-Аліня, на ўзбярэжжы Японскага мора, падае самы буйны з вядомых чалавецтву жалезны метэарыт.
Ён драбніцца ў атмасферы і выпадае жалезным дажджом на плошчы 35 квадратных кіламетраў. Яго маса ацэньваецца ў 60 тон, з якіх сабрана 27 тон у выглядзе аскепкаў рознай велічыні. Вага самага вялікага са знойдзеных сколкаў складае 1,7 тоны. Гэты метэарыт – прыклад класічнага метэарытнага падзення. Выключна спрыяльнымі аказаліся час і месца падзення, цудоўнае надвор’е і нават водападзел, які захаваў карціну разбурэнняў у максімальнай ступені. Месца падзення метэарыта было знойдзена на наступны дзень, а ўжо праз два тыдні першыя даследчыкі былі на месцы падзення.