У Мікалаеве пашкоджана зернясховішча, узведзенае на амерыканскія інвестыцыі. Грамадзянін Латвіі затрыманы ў Беларусі за паведамленні супраць Лукашэнкі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


 Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


Ранкам 24 чэрвеня Мікалаеў атакавалі расійскія войскі. Па горадзе з Чорнага мора было выпушчана некалькі ракет. Былі чуваць выбухі. Абвяшчалася трывога. Афіцыйных каментароў на дадзены момант няма.

У выніку абстрэлу Мікалаева 22 чэрвеня пашкоджаны зерневы тэрмінал, які ўзводзіўся на інвестыцыі ЗША. Месціўся на тэрыторыі порта.

Тэлеканал «24» паведамляе, што ва ўзвядзенне аб’екту было ўкладзена 280 мільёнаў долараў. Само зернясховішча лічылася амерыканскай маёмасцю.

22 чэрвеня прамысловая зона порта была атакаваная расіянамі 9 крылатымі ракетамі. Яны былі выпушчаныя з падводнай лодкі.

Паводле выдання ў чэрвені 2016 году амерыканская кампанія Бунге ў будоўлю зерневага тэрміналу ўклала найбуйнейшыя на той момант інвестыцыі ва Ўкраіне. Тады заяўлялася, што ўвядзенне аб’екту дазволіць павялічыць аб’ёмы экспарту ўкраінскага зерня на 1 мільён тон за год.

Мікалаеўскі заапарк за 120 дзён расійскага ўварвання прыняў ад гараджан 426 экзатычных жывёлаў.

inshe.tv

Па словах кіраўніцтва ў звярынец прыносілі гадаванцаў жыхары Мікалаева, якія эвакуяваліся з гораду і не маглі ўзяць іх з сабою. Людзі абяцалі вярнуцца і забраць жывёлаў назад. Раставанне многімі ўспрымалася, як трагедыя, піша інфармацыйнае агенцтва «Інше.ТВ».

Заапарк папоўніўся папугаямі, трусамі, шыншыламі, яшчаркамі, удавамі, акварыумнымі рыбкамі, чарапахамі, понямі і нават арламі.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


У Беларусі затрыманы грамадзянін Латвіі за паведамленні з асуджэннем Лукашэнкі. Іх выявілі супрацоўнікі міліцыі, якія праверылі тэлефон. Цяпер замежніка, нібыта, утрымліваюць у псіхіятрычнай лякарні.

«Калі супрацоўнікі консульства хутка прыбылі на сустрэчу з затрыманым, то яго памясцілі ў закрытую псіхіятрычную больніцу для правядзення экспертызаў», – заявіла парламенцкі сакратар МЗС Латвіі Занда Калніня-Лукашэвіч, словы якой падае інтэрнэт-выданне «Press».

press.lv

Занда Калніня-Лукашэвіч сцвярджае, што прадстаўнікам МЗС не даюць пабачыцца з затрыманым і ёсць занепакоенасць за самаадчуванне зняволенага. На яе думку гэты прыклад сведчыць наколькі небяспечная сітуацыя ў Беларусі.

У Ліепаі адкрылі перасоўную фотавыставу «Беларускі погляд Даўгаўпілса». Экспазіцыю падрыхтаваў Эдуард Літвіноўскі.

www.d-fakti.lv

Ён нарадзіўся ў Даўгаўпілсе і мае беларускія карані па бацькавай лініі. Як піша інтэрнэт-выданне D-fakti фотамайстру ўдалося ў адной выставе аб’яднаць беларусаў роднага гораду, стварыць характэрны вобраз беларускага строю на фоне чароўных відаў прыроды Латгаліі і ўнікальных лакацыяў Даўгаўпілсу.

Экспазіцыю разгарнулі ў Беларускім доме «Мара», заснаваным ліепаеўскімі беларусамі. А прывёз выставу на бераг Балтыйскага мора Цэнтр беларускай культуры з Даўгаўпілса.


Бардзееў, Славакія

Горад партнёр Магілёва з 18 сакавіка 1996 году. Месціцца на ўсходзе краіне. Насельніцтва крыху больш за 32 тысячы чалавек. Упершыню згадваецца ў 1247 году. У сярэднявеччы меў статус свабоднага каралеўскага гораду. У 1986 годзе быў уганараваны Еўрапейскай прэміяй за рэстаўрацыю гістарычных помнікаў і ўнесены ў спіс культурнай спадчыны UNESCO. Большасць насельніцтва праваслаўныя і грэка-каталікі.


У Бардзееве пасля доўгіх гадоў заняпаду адноўлены будынак старой сінагогі. У ёй размясцілі шматфункцыянальную рэпрэзентацыйную прастору і выставачную залю для культурніцкіх імпрэзаў. Таксама ў ёй знаходзіцца мемарыял памяці ахвярам Халакосту.

puchov.virtualne.sk

Комплексная рэстаўрацыя трывала ад 2015 гадоў. Будынак стаіць у самай наведвальнай частцы гораду. Сюды прыходзяць тысячы турыстаў, адзначаецца на інтэрнэт-пляцоўцы Huchov.virtualne.sk.

Бардзейская сінагога – частка Габрэйскага прадмесця, якое з’яўляецца найважнейшым помнікам архітэктуры яўрэйскай культурнай спадчыны ў Бардзееве.

puchov.virtualne.sk

Комплекс яўрэйскіх рытуальных збудаванняў складаецца з старой сінагогі, дома кангрэгацыі, рытуальнай лазні, вежы пашырэння, кацельні і рытуальнай бойні. Будынкі служылі духоўным і грамадскім патрэбам артадаксальнай яўрэйскай суполкі з моцным уплывам хасідызму, які быў шостым па велічыні ў Славакіі міжваеннага перыяду.


Улацлавек, Польшча

Дамова аб сяброўскіх адносінах падпісаная з Магілёвам 8 снежня 1995 года. Горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве (цэнтральная Польшча). Насельніцтва – 115 тысяч чалавек.


Жыхары адной з вуліц Улацлавеку пратэстуюць супраць будаўніцтва асфальтабетоннага заводу.

Людзі незадаволеныя, што прадпрыемства узводзяць ля іх дамоў і гарадской гавані, адзначана на партале nwloclawek.pl.

nwloclawek.pl

На погляд жыхароў завод шкодны для навакольнага асяроддзя.

nwloclawek.pl

Кіраўніцтва гораду спрабуе ўлагодзіць сітуацыю. Арганізуе сустрэчу жыхароў з інвестарамі прадпрыемства. Чыноўнікі кажуць, што экалагічная экспертыза не выявіла пагрозаў для наваколля. Жыхары з гэтым не згаджаюцца.