Жыхары Каменскага, гораду пабраціма Бабруйску, патрабуюць увесці забарону на вочную форму школьнага навучання пакуль трывае ваеннае становішча. Адпаведная петыцыя з’явілася 21 ліпеня на платформе электронных петыцыяў гораду.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Каменскі – раённы цэнтр прыфрантавой Днепрапятроўшчыны. 7 яе раёнаў прызнаныя тэрыторыямі, дзе праводзяцца баявыя дзеянні. Абласны цэнтр, а таксама Нікапальскі, Крыварожскі і Сінельнікаўскі раёны інтэнсіўна абстрэльваюцца расійскімі войскамі, што прыводзіць да гібелі людзей і разбурэнняў цывільнай інфраструктуры.
Аўтары петыцыі адзначаюць, што
– ва Ўкраіне 20 працэнтаў школ і дзіцячых садкоў знішчылі расійскія войскі;
– не ўсе навучальныя ўстановы маюць бамбасховішчы і шляхі эвакуацыі;
– настаўнікам давядзецца надаваць значна больш увагі пад час эвакуацыі
вучням малодшых і інклюзіўных класаў;
– дзеці будуць адчуваць пастаяннае эмацыйнае напружанне і стрэс.
Аўтары петыцыі падкрэсліваюць, што за час вайны дзеці эмацыйна траўмаваныя сітуацыяй у краіне і ім у дадатак яшчэ давядзецца пад паветраную трывогу ісці, ці вяртацца са школы.
Петыцыю чыноўнікі прымуць да разгляду, калі яе падтрымаюць 250 чалавек. Паводле інтэрнэт-выдання «Любимый город» пад ёю паставілі подпісы менш чым за дзень 70 чалавек.
На 18 ліпеня ААН пацьвердзіла 346 выпадкаў гібелі дзяцей за час расійскай агрэсіі ва Ўкране. Пры гэтым у арганізацыі падкрэсліваюць, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя.