У Клайпедзе, былым горадзе пабраціме Магілёва, колькасць здзелак куплі-продажу нерухомасці ў параўнанні з мінулым годам зменшылася амаль на 20 працэнтаў.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Аналітыкі Цэнтру рэгістрацыі, якія пільнуюць дынаміку аперацыяў з нерухомасцю, адзначаюць: запаволенне на рынку выкліканае геапалітычнай нявызначанасцю з-за вайны ва Украіне і, як наступства – назіраецца значнае павышэнне коштаў на тавары першай неабходнасці ды рэзкае ўзрастанне коштаў на нерухомасць.
Змяншэнне колькасці ахвотных купіць новае жытло характэрнае для ўсіх буйных гарадоў Літвы. У сталіцы краіны Вільні – здзелак куплі-продажу кватэраў паменела ў параўнанні з мінулым годам на 15 працэнтаў. У Коўна – на 18-ць, паведамляе выданне «Atvira Klaipeda».
Усяго за сёлетнія студзень-ліпень у Літве аформілі 77,5 тысяч здзелак куплі-продажу нерухомасці. Гэта на 17 працэнтаў менш, чым летась. Тады было зарэгістравана 93,6 такіх угодаў.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
фота з рэсурсу: delfi.lt